17 верасня 1925 года Праваслаўная Царква ў ІІ Рэчы Паспалітай атрымала дакумент ад Усяленскага Патрыярха з Канстанцінопаля, які пацвярджае яе кананічную незалежнасць. «Томас» быў перададзены тагачаснаму мітрапаліту Дыянізію (Валядзінскаму) у Варшаўскім кафедральным саборы.

Гэта кульмінацыя шматгадавых намаганняў так адроджанай Польскай дзяржавы, як і самой царквы (прынамсі яе часткі), якая апынулася пасля І Сусветнай вайны ў межах ІІ Рэчы Паспалітай Польшчы. Дарэчы, цэлы 2024 год па цэлай краіне праходзілі юбілейныя ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя аўтакефаліі.
17 верасня 2025 года споўніцца 100 гадоў з гэтай гістарычнай падзеі. Гэты дзень вельмі важны ў жыцці Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы , ён мае ўнікальнае значэнне, менавіта цяпер.
Таму рашэннем ад 18 сакавіка 2025 года Святы Сабор ПАПЦ пастанавіў «прызнаць святымі мучанікамі нашых братоў і сясцёр, якія аддалі жыццё за веру і Святое Праваслаўе, у тым ліку ў лагерах Катыня і Меднае, у лагерах Аўшвіц і Майданка ды Трэблінкі, у Варшаўскім паўстанні 1944, а таксама падчас савецкіх ссылак і дэпартацый. Пры жыцці яны былі відавочцамі ўзнікнення аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Мы ўстанавілі дзень іх свята і малітоўнага ўспаміну на 17 верасня, а іх вечар, 16 верасня, — дзень іх абвяшчэння святымі».
Сярод тых, каго епіскапы ПАПЦ жадаюць уключыць у лік святых: айцец палкоўнік Шымон Федаронька, галоўны праваслаўны капелан Войска Польскага, забіты НКВД у Катыні ў 1940 годзе, і яшчэ два праваслаўныя святары, таксама ахвяры Катыньскага злачынства: айцец падпалкоўнік Віктар Раманоўскі і айцец маёр Уладзімір Охаб. Дадамо, што падчас ІІ Сусветнай вайны пры Польскіх ўзброеных сілах на захадзе неслі душпастырскую паслугу сярод праваслаўных жаўнераў таксама капеланы з Праваслаўнага ардынарыята. Ад канца лістапада 1943 года ваенным праваслаўным епіскапам у званні генерала брыгады быў Сава (Советов) – дарэчы першае генеральскае званне для праваслаўнага епіскапа пры Польскіх ўзброеных сілах на захадзе (падчас ІІ Сусветнай вайны).
Як паведаміла ў прэс-рэлізе Мітрапалітальная канцылярыя ў Варшаве, «гэтыя святары з’яўляюцца ўвасабленнем сотняў праваслаўных хрысціян, якія былі знішчаны ў лагерах для польскіх ваеннапалонных бязбожным таталітарызмам».
Таму абвяшчэнне рашэння св. Сабора епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы аб святасці «Катынскіх пакутнікаў» адбудзецца 16 верасня 2025 года, напярэдадні свята.
Урачыстасці адбудуцца ў царкве Святой Сафіі — Прамудрасці Божай у Варшаве, пачатак а 10:00.
У дзень іх свята, 17 верасня 2025 года, у храмах усіх епархій нашай Праваслаўнай Царквы, у дзень іх малітоўнага ўспаміну, адбудуцца ўрачыстыя літургіі.
17 верасня 1939 года Савецкі Саюз згодна з пактам Молатава-Рыбентропа напаў на Польшчу, акурат на 14-ці годдзе атрымання «Тамасу» Праваслаўнай царквой ў Польшчы.
«Давайце разам узнясем нашы шчырыя малітвы Госпаду ўсяго стварэння, просячы Яго ласкі і дабраславення на будучыя мірныя гады Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, а таксама міру на нашай радзіме і ва ўсім свеце,» – пішуць праваслаўныя епіскапы напярэданні ўстанаўлення святымі «Катыньскіх пакутнікаў».
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя






