BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Летась з Польшчы прымусова дэпартавалі каля 130 беларусаў

У 2025 годзе Памежная ахова Польшчы выканала амаль  9,5 тысяч рашэнняў, якія прадпісвалі замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляе партал Onet.pl.

Грамадзян Беларусі тычылася амаль тысячу трыста, ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначаецца, што з гэтай колькасці “каля 130” беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).

Згодна з прадстаўленымі весткамі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаны дакладныя лічбы) з Польшчы дэпартавалі 1.377 грамадзян Беларусі, у тым ліку ў прымусовым парадку — 66.

Такім чынам, агульная колькасць высланых з польскай тэрыторыі беларусаў у гадавым вымярэнні крыху знізілася, але колькасць прымусова дэпартаваных вырасла прыкладна ўдвая.

Як паведамляў “Позірк”, на кастрычнік 2025 года ў Польшчы было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, заявіла 12 снежня 2025 года ў Вільні юрыстка Алеся Пажыток, якая спецыялізуецца на міграцыйным праве.

Экспертка падкрэсліла, што гэтыя даныя не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.

Спаслаўшыся на даныя афіцыйнай статыстыкі, яна адзначыла, што часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы на ​​кастрычнік мела каля 91 тыс. беларусаў (на гуманітарных падставах, паводле працы, навучання, уз’яднання сям’і, прадпрымальніцтва ды інш.), сталы — каля 42 тыс. (з улікам асоб, якія мелі сталае месца жыхарства да 2020 года, а таксама пасля 2020-га, але з “картамі паляка”, польскімі каранямі ды інш.).