Нягледзячы на тое, што з тэрыторыі Беларусі працягваюць прылятаць метэазонды, з прычыны чаго адбываюцца перабоі ў працы Вільнюскага аэрапорта, урад Літвы пакуль не разглядае магчымасць закрыць мяжу ў якасці меры ў адказ.

Разам з тым такое рашэнне можа быць прынятае ў будучыні, паведамілі 1 снежня літоўскія СМІ са спасылкай на намесніка міністра ўнутраных спраў Вайдотаса Якштаса.
“Ідэя [закрыць мяжу] заўсёды прысутнічае. Пакуль мы дакладна не плануем закрываць мяжу, бо, як відаць, гэта было б хутчэй сродкам дыпламатычнага ўздзеяння, якое кардынальна праблему не вырашае”, — заявіў чыноўнік журналістам.
Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Менск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільняй па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні.




