BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Літва плануе ўзмацніць мяжу з Беларуссю

Літва ў самыя бліжэйшыя тэрміны плануе ўзмацніць мяжу з Беларуссю. Памежнікі атрымаюць кулямёты, а на некаторых участках паставяць супрацьтанкавыя загароды. Да аховы мяжы будуць далучаныя і сілавыя падраздзяленні краіны.

Фота: Facebook

“Мы складзем план умацавання нашай мяжы ў тым ці іншым месцы і прымем пэўныя інжынерныя рашэнні. Таксама разгледзім, як сумеснымі намаганнямі можна пачаць больш інтэнсіўна рэалізоўваць вайсковыя стандарты структур Міністэрства ўнутраных спраў, якія могуць змагацца з гібрыднымі пагрозамі. Напрыклад, у структур МУС будзе крыху больш цяжкае ўзбраенне, пачынаючы з кулямётаў”, — цытуе Delfi словы міністра абароны Лаурынаса Кашчунаса.

Да канца лета — пачатку восені Літва паставіць на мяжы “жалезабетонных вожыкаў”, “зубы дракона” і “іспанскіх коней”. А таксама створыць сетку агульнадасяжных стрэльбішчаў — каб звычайным грамадзянам было дзе трэніравацца.

Дарэчы, сёння ў раёне Сувалкскага калідора пачаліся літоўска-польскія вучэнні “Адважны Грыфон”, у якіх таксама бяруць удзел вайскоўцы з Партугаліі і ЗША. Яны адпрацуюць сцэнарый абароны рэгіёна, на які, па меркаванні экспертаў, напрыканцы года з дапамогай Беларусі можа напасці Расея.

Беларускае Радыё Рацыя