Міністр нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене паведаміла, што яны з міністрамі абароны Польшчы і Фінляндыі абмеркавалі аб’яднанне польскага «Усходняга шчыта» і Балтыйскай лініі абароны, а таксама ўдзел Фінляндыі ў фарміраванні адзінага плана ўзмацнення аховы мяжы.

«Па польскім прыкладзе, мяжа паўночна-ўсходняга флангу можа быць умацаваная некалькімі радамі фартыфікацыйных збудаванняў, якія будуць уключаць, але не абмяжоўвацца супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі мінамі. Партнёры маюць намер атрымаць фінансаванне Еўразвяза для гэтай мэты», — сказала Шакалене.
Яна нагадала, што Літва першай у рэгіёне ініцыявала дыскусіі пра выхад з Атаўскай канвенцыі аб супрацьпяхотных мінах. Гэтае рашэнне падтрымалі Эстонія, Латвія і Польшча.
Пра намер краін Балтыі і Польшчы выйсці з Атаўскай канвенцыі было заяўлена 18 сакавіка. Выхад з Атаўскай дамовы, да якой далучылася больш за 160 дзяржаў, дазволіць Польшчы і краінам Балтыі стварыць запас супрацьпяхотных мін.
Сярод краін, якія не падпісвалі Атаўскую канвенцыю ўвогуле — Расея, ЗША і Кітай.






