BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мацней за страх

Штораніцы ўкраінскія тэлеграм-каналы публікуюць аператыўную інфармацыю адносна расейскага ўварвання. Гэтую інфармацыю яны афіцыйна атрымліваюць ад Генеральнага штаба ЗСУ. Але ёсць і ваенныя зводкі ад рэгіянальных аператыўных камандаванняў, з якіх больш канкрэтна можна даведацца аб колькасці абстрэлаў і выбухаў, напрыклад, у паўночнай частцы Украіны.

Чарнігаўшчына за суткі «чуе» дзясяткі абстрэлаў з рознага віду ўзбраенняў. Пры гэтым мае каля 230 км мяжы з Беларуссю і амаль столькі ж з непасрэдным ворагам – РФ.

Нягледзячы на небяспеку, жыхары прыгранічных раёнаў, у асноўным, засталіся дома. Па іх словах, акупацыя ў лютым-сакавіку 2022 года была больш моцным выпрабаваннем, ніж гукі абстрэлаў зараз. Амаль два гады пасля дэакупацыі вораг не дае ні дня спакою. Калі над галавой чуеш пастаянны свіст ці глухое рэха выбухаў, мімаволі прывыкаеш. Як да гуку абсталявання на прадпрыемстве або тарахцення трактара. З гэтых вёсак выехалі тыя, чые дамы былі цалкам разбураныя. Калі жытло мае толькі пашкоджанні, то людзі яго рамантуюць саматугам: бо дзяржава ў дадзены момант проста не ў стане кожнай сям’і кампенсаваць страты.

Хаця ўжо і прадугледжаны дзяржаўныя праграмы, рэальныя сродкі на аднаўленне атрымалі адзінкі. Бывалі выпадкі, калі ў адной і той жа хаце ад абстрэлаў некалькі разоў зносіла дах, а гаспадары ўпарта яе будавалі зноў. Чаму ж людзі рызыкуюць жыццём і застаюцца ў небяспечных раёнах? Мусіць, праз пачуццё грунта і сваіх каранёў. Наступіць трэцяя ваенная вясна – трэцяя ваенная пасяўная. Яны на сваёй зямлі, і гэта мацней за страх.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя