BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Маем кім ганарыцца

Напрыканцы года Анэта Прымака-Онішк атрымала ўзнагароду чытачоў на конкурсе Grand Press 2024.

Гэта самы прэстыжны і галоўны конкурс для журналістаў у Польшчы. Ладзіцца ў некалькі катэгорыях журналісцкай творчасці. Радыё, тэлетворчасці, публіцыстыкі, навінаў, але і прэміі ад чытачоў. Падляшскую аўтарку, журналістку і публіцыстку, дарэчы народжаную ў Кнышэвічах на Сакольшчыне  ўзнагародзілі  за кнігу «Камяні мусілі паляцець.  Сцёртая гісторыя Падляшша», якая распавядае пра лёсы праваслаўных беларусаў у даваеннай, ваеннай і пасляваннай Польшчы. Пару дзён пазней у Беластоку ўручылі ўзнагароды Маршалка Падляшскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці, распаўсюджвання і аховы культуры за мастацкі сезон 2023/2024. Агулам узнагароджаныя 14 культурніцкіх дзеячаў і калектываў.  І сярод іх была таксама  Анэта Прымака-Онішк – за ўсе дасягненні ў галіне распаўсюджвання і аховы культуры.

Зусім нядаўна выйшла кніга аўтара  «Камяні мусілі паляцець. Сцёртая гісторыя Падляшша».

Нядаўна, гэта значыць на пачатку года.

Сачыў яе за кнігай і за сустрэчамі пра кнігу з аўтаркай.

Перш-наперш кідалася ў вочы вялікая колькасць зацікаўленых, публікі. Ці гэта ў Цэнтры Праваслаўнай Культуры ў Беластоку, ці ў Бельскім Доме Культуры, ці дзе там яшчэ.

Гэта не адзіная кніга Анэты Прымакі-Онішк, раней была «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы». Акурат за яе аўтарку ўзнагародзілі Прэміяй імя Казанецкага ў Беластоку і званнем «Кнігі Года»   Варшаўскай літаратурнай прэміяй. Была таксама намінаваная да іншых прэстыжных літаратурных, ці журналісцкіх узнагародаў.

Падчас урачыстага ўручэння ўзнагароды Анэта Прымака-Онішк адзначыла, што для яе гэтая кніга і гэтая ўзнагарода вельмі асабістыя:

– Варта нешта раскрыць, нешта сказаць, даць голас тым, хто быў пазбаўлены голасу. Я хацела гэта зрабіць так, каб гэта адкрылася, каб гэта было важна для тых, хто з гэтых меншасцяў. З надзеяй на тое, што гэта зблізіць нас. І гэта дапамагло будаваць лепшае грамадства, лепшую будучыню. І я вельмі рада, што вы купілі кнігу, што вы яе прачыталі, што вы прагаласавалі за гэтую кнігу.

А быць намінаваным да прэміі, скажам такой як Grand Press – гэта само сабой вялікі поспех. А што тады атрымаць прыз?

І гэта ад чытачоў.

Потым, ужо ў студыі Радыё Рацыя спадарыня Прымака дадала:

 – Гэта для мяне вельмі важная ўзнагарода, бо яна ад чытачоў. Думаю, для кожнага аўтара і журналіста галоўнае — каб яго кніга знайшла водгук у чытачоў. Асобна адзначу, што журы таксама ўключыла кнігу ў спіс пяці найлепшых рэпартажаў года, але канчатковае рашэнне вынеслі чытачы.

Абедзве кніжкі Анэты Прымакі-Онішк кранаюць падзеі лёсавызначальныя для беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Праўда, і геаграфічны і дэмаграфічны абсяг бежанства 1915 года, але перад усім яго ахвяры  не параўнальна большыя, чым пасляваенных злачынстваў польскага ўзброенага падполля, ці гэта Бурага, Лупашкі, ці мясцовых «лясных кажушнікаў». Але ў свядомасці, праз доўгія гады замоўчвання гэтыя праблемы сталі вельмі балючымі для сем’яў ахвяр, іх нашчадкаў, але і аднавяскоўцаў  ды наогул неабыякавых людзей. І гэта пры эксгумацыі ахвяр «вазакоў» ды мітусні пры пабудове намагільнага помніка ім у Бельску. Менавіта ў той час, пачатак 90-ых, калі лёс ахвяр Бурага быў у лепшым выпадку абыякавы ўладам, а злачынцы, хаця б Буры станавіліся героямі. А іх нашчадкам польская дзяржава выплочвала фінансавыя кампесацыі. Крыўдна. 

Хаця ўскосна, і гэта не без уплыву на сённяшні наш лёс, пасля 1944 года, з Беласточчыны  вымушана і «добраахвотна» выехала ў Савецкую Беларусь  30 тысяч людзей.

Праваслаўных беларусаў. Пры тадышнім нашым патэнцыяле на 150-180 тысяч людзей беларускага паходжання ў пасляваеннай Польшчы гэта шмат. Пры каля 45 тысячах на пачатку ХХІ стагоддзя і каля 25 цяпер наш  дэмаграфічны патэнцыял пацярпеў.

Абедзве кніжкі Анэты Прымакі-Онішк, напісаныя па-польску, мо таму і важныя, што іх шмат хто з палякаў прачытае, але і сённяшніх беларусаў, да свядомасці якіх акурат  такі пераказ трапляе найлепш.

 Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя