Ва Украіне 6 красавіка быў аб’яўлены Дзень жалобы па загінуўшых ад цынічнага расейскага нападу на Крывы Рог. Балістычная ракета забіла 18 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей. Фота загінуўшых дзетак абляцела ўсе заходнія СМІ. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека адзначыў, што гэты ўдар стаў самым масавым адначасовым забойствам дзяцей за ўвесь час вайны. Нядзіўна, што расейскія ўлады адразу ж змайстравалі недарэчную версію, быццам мэтай атака было знішчэнне групы ўкраінскіх вайскоўцаў, хоць па дадзеных ААН у рэстаране побач з месцам выбуху праходзіў форум касметолагаў.
А самім месцам траплення стаў яшчэ іншы “рэжымны аб’ект” – дзіцячая пляцоўка. “Ты вельмі стаміўся, тата?” – магчыма, спытаў маленькі сын у свайго бацькі, камандзіра расейскага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» увечары 4 красавіка. «Не вельмі. Дзень быў цяжкі, але эфектыўны. Абяцалі прэмію даць», – магчыма, з гонарам адказаў бацька.
“Ну і дзякуй Богу!» – магчыма, далучылася да размовы яго жонка, якая жыве ў краіне, дзе няма Бога.
“Ты сёння такі раздражнёны, напэўна, мог бы папрацаваць і лепш”, – магчыма, працягнула яна, ведаючы, што для яе мужа галоўным раздражняльнікам і ворагам з’яўляецца дзіцячая пляцоўка ў суседняй краіне.
Перад сном бацька – камандзір расейскага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр-М” паглядзіць навіны, каб ацаніць вынікі сваёй працы, пасмяецца з жартаў ад Камедзі Клаб пра санкцыі, вып’е чарку гарэлкі пад песню “Я – русский” і засне, закалыханы праклёнамі крыварожскіх маці. І яго ДНК, і яго краіна будуць на векі закалыханы імі.
Ліза Ахроменка






