У Вільні ў першы дзень Вялікадня, 20 красавіка, прайшоў майстар-клас па традыцыйных велікодных спевах. Аматары даўніны і беларускіх традыцый сабраліся разам, каб паслухаць і паспяваць песні, якія выконвалі на Вялікдзень у беларускіх вёсках сто гадоў таму.

Майстар-клас арганізавала выканаўца беларускіх традыцыйных спеваў і знаўца беларускага фальклору спадарыня Паліна, якая распавяла пра Вялікдзень і традыцыю валачобніцтва на Беларусі:
– Гэтае свята – адно з любімых у беларусаў. Усе яго ведаюць, адзначаюць. Яно амаль не змянялася з цягам часу. Фарбаванне яек. Пячэнне пірагоў, або, як у нас называлі, булак. Яны былі без гэтага белага верху, былі простыя.

Паводле адной з удзельніц імпрэзы, такія майстар-класы традыцыйных спеваў нагадваюць псіхатэрапію:
– Гэта тэрапія. Ты можаш пракрычацца. Тут па іншаму фармуецца гук, па іншаму ты здымаеш стрэс. Жанчыны раней так маглі на жыццё пажаліцца праз песню. Як бы выплюхнуць гэтую энергію. Гэта тое, што мяне выратавала тут, таму што ў мяне вымушаная эміграцыя.
Майстар-класы па беларускіх традыцыйных спевах праходзяць у творчай прасторы “Кропка”, прымеркаваныя да асноўных беларускіх святаў і падыходзяць для ўсіх — і для тых, хто ўжо спявае, і для тых, хто толькі марыць пачаць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


Беларускае Радыё Рацыя