BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Майстар-класы па спевах велікодных песень прайшлі ў Васількаве пад Беластокам

Майстар-класы па спевах велікодных песень прайшлі ў Музеі народнай культуры ў Васількаве пад Беластокам. Спяваць падляшскія песні вучыла Ганна Фіёнік – інструктарка і шматгадовая кіраўнічка гурта “Жэмэрва”, які збірае фальклор беларусаў Падляшша і Палесся.

Спявалі тое, што традыцыйна гучала ў перыяд ад Вялікадня да Радаўніцы на Бельшчыне, кажа Ганна Фіёнік:

Як раз маем час на спяванне агулек, з-пад Бельска, з-пад Кляшчэль. Ніна Тукаюк з парафіі Рагачы гаварыла, што моладзь пасля пасхальнай вячэрні выходзіла на пляц перад царквой і пачынала спяваць агулькі і вадзіць карагоды. Часам тут адбываліся першыя знаёмствы. І ў песнях пра ўсё гэта.

Майстар-класы адрасаваныя ўсім зацікаўленым. Тут былі і аматары, і прафесіяналы, захопленыя традыцыйным падляшскім спевам. Некаторыя ўдзельнікі прыехалі здалёк. Кажа Кшыштаф Дзіржэцкі з горада Познань:

– Увогуле я ўражаны. Пачуў традыцыйныя лакальныя спевы з Падляшша. Мне гэта цікава, бо я сам танцую ў калектыве песні і танца ў Познані. У нашым рэпертуары танцы і спевы з розных рэгіёнаў Польшчы. Не маем яшчэ чагосьці з Падляшша. Мне здаецца, што гэта цікавы кірунак, каб і ў нас выконваць. Гэта вялікая розніца – і ў мове, і нават ў спосабе спявання, істотна адрозніваецца ад Цэнтральнай Польшчы.

Наступныя майстар-класы Ганны Фіёнік плануюцца ў Нараўцы для настаўнікаў беларускай мовы. Яны адбудуцца ў траўні, а гучаць там будуць ужо зусім іншыя песні, згодна з каляндарнай традыцыяй Бельшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя