BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Маніпуляцыя”

Адна з «улюбёных» тэм РФ – страты Украіны на полі бою, зніклыя без вестак і ваеннапалонныя. Маніпуляваць лічбамі ў такіх балючых і далікатных пытаннях заўсёды выгадна: калі ўкраінцы не ўспрымаюць прамую рэкламу «русского мира», дык можна хаця б паспрабаваць раскалыхаць ўкраінскае грамадства знутры, справакаваць недавер і напружанне. Інфармацыйныя варожыя ўкіды на кшталт «лепш аддаць тэрыторыі, але завяршыць вайну» – не што іншае, як спроба дэстабілізацыі Украіны і злом яе волі да супраціву. Асабліва на фоне няспынных інтэнсіўных атак, што апошнім часам абрынуліся на сталіцу.

Фота: Telegram/Координаційний штаб з питань поводження з військовополоненими

2 чэрвеня ў Стамбуле бакі дамовіліся не толькі пра вяртанне ваеннапалонных, але і пра рэпатрыяцыю цел загінулых воінаў.

Падчас апошняга этапу рэпатрыяцыйных мерапрыемстваў РФ вярнула целы 1245 загінуўшых на вайне ўкраінцаў. А разам з імі і… целы расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта афіцыйна заявіў кіраўнік МУС Украіны Кліменка. Маўляў, гэта магло быць зроблена свядома, каб завысіць агульную колькасць перададзеных цел, а значыць, стварыць штучную нагрузку на экспертную службу і ўвесці зман у інфармацыйнае поле. А магчыма, гэта проста яшчэ адна праява звыклага для рэжыму стаўлення да ўласных людзей — абыякавага і наплявальніцкага, без усялякай пашаны. І яшчэ адзін істотны момант: няма цела – няма кампенсацыі сем’ям. Па словах міністра, целы вяртаюцца ў «вельмі знявечаным стане», у розных мяшках, а часам цела аднаго чалавека перадавалася ў некалькі этапаў. 

Толькі ў бакоў, якія ваююць, розны падыходы да сваіх страт. Для адной – загінулыя абаронцы, для другой – статыстыка. Расходны матэрыял.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя