Стартавала новая прома-акцыя Беларускага Радыё Рацыя. У Беластоку, уздоўж дарог і ў гарадах на польска-беларускім памежжы, з’явіліся ажно 40 білбордаў з рэкламай нашага радыё і сайта www.racyja.com.
“Госць Рацыі” – адказны за рэкламу і развіццё Беларускага Радыё Рацыя Марцін Рэмбач.

Так, даўно іх не было. Каля двух гадоў таму мы ўжо праводзілі такую акцыю. Пазней мы не мелі на гэта лішніх фінансавых сродкаў.
РР: Яны былі размешчаны перадусім на дарозе на мяжу і памежных пераходах, якія зараз закрытыя.
– Так, тады яны былі перадусім на памежных пераходах. Такія акцыі кіруюцца ў тыя месцы, дзе ёсць рух нашага патэнцыйнага слухача, якія ездзілі праз мяжу. Сёння мяжа закрыта, а дарогі, якія вядуць да памежных пераходаў практычна пустыя. Акрамя памежнага пераходу ў Цярэспалі і памежнага пераходу ў Казловічах. Там нашы бігборды стаяць. Калі мы не хочам, каб нашы слухачы пра нас забыліся, то мы таксама не можам пра іх забываць і павінны ім пра нас нагадваць. Калі маем такую магчымасць, то стараемся праводзіць такія рэкламныя акцыі. Цяпер засяроджваемся на месцах нашага памежжа, гэта значыць на дарогах на Аўгустаў, Бельск Падляшскі, Сямятычы, на Саколку, Гайнаўку, там дзе нашыя слухачы бываюць і падарожнічаюць.
РР: Нашыя слухачы гэта таксама Варшава, Познань ды іншыя гарады ў Польшчы, куды іх закінуў лёс пасля 2020 года. Ці памятаем пра іх?
– Пра іх памятаем, але трохі іншым чынам, праз рэкламу ў інтэрнэце. Бо ў нас няма магчымасці пакрыць білбордамі большую прастору, чым Беласточчына. На рэкламу найцяжэй знаходзіць сродкі. Прыгадаю, што Беларускае Радыё Рацыя дзейнічае дзякуючы фінансаванню ўрадаў, перадусім польскага – Міністэрства замежных спраў Польшчы. Таксама дзякуючы фінансаванню амерыканскага ўраду – Дзяржаўнага дэпартамента.
РР: Беларускае Радыё Рацыя пачынае вяшчаць з тэрыторыі Латвіі.
– Так. На мінулым тыдні была першая перадача з Латвіі ў межах Радыё 4, якое слухаюць на латышска-беларускай мяжы. Гэта медыязнаўчая перадача, што адбываецца ў беларускіх СМІ. Гэтую перадачу вядзе наш журналіст. Гэтую перадачу можна слухаць па чацвяргах а 18-й паводле польскага часу і а 19-й паводле латышскага (беларускага) часу. У Латвіі таксама ёсць беларусы, бачна зацікаўленасць з боку асобаў адказных за сродкі масавай інфармацыі ў Латвіі. Каб беларусы маглі слухаць беларускія перадачы па-беларуску. Яны ў асноўнай масе расейскамоўныя, таму варта даць ім шанец на кантакт з беларускай мовай.
РР: Гэта перадача “Месца для прэсы”, яе аўтар Улад Грынеўскі. Ёсць яшчэ важнае для беларусаў месца, дзе зараз шмат беларусаў – гэта сталіца Вільня. Там хіба праблема, каб увайсці з перадачамі беларускага радыё?
– Увогуле нялёгка ўвайсці. Беларусы ў вялікай колькасці апынуліся ў Польшчы і Балтыйскіх краінах. Парадокс у тым, што нялёгка ўвайсці з беларускай мовай. Вельмі важна, каб беларусы і беларуская меншасць у Польшчы, беларуская меншасць у Літве, а таксама эміграцыя, каб яны маглі мець кантакт з беларускай мовай і беларускай культурай. Гэта асноўныя правы чалавека, мы стараемся іх рэалізаваць. Стараемся данесці гэта ўладам еўрапейскіх краін, каб яны гэта рэалізавалі.
РР: Перадача “Месца для прэсы” – гэта ўсё, што пакуль будзе. Ці ёсць у перспектыве планы, што ў Латвіі з’явіцца больш нашага эфіру.
– Наш эфір, беларускія перадачы павінны быць у Балтыйскіх краінах, у Літве, Латвіі і Эстоніі ў як найбольшай колькасці. Кантакт з беларускай мовай з дапамогай радыё павінен пашырацца. Ёсць у гэтай справе пэўныя складанасці і мне здаецца, што гэтыя складанасці не толькі фінансавага характару. Радыё эфір сёння не з’яўляецца настолькі дарагім, тут патрэбна рашэнне палітычнага характару стратэгічнага характару. Варта ўкласціся ў тое, што будзе рабіцца на працягу гадоў, што ў эфекце дапаможа перажыць гэты крызісны перыяд беларускай мове і культуры.
Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






