BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марэк Хмялеўскі: Сінагога ў Орлі патрабуе ратавання па еўрапейскіх стандартах

Пра вёску Орля на Падляшшы пачулі ва ўсёй Еўропе. Мясцовая сінагога –  гістарычны помнік яўрэйскай культуры –  была ўключана пад нумарам 1 у спіс прэтэндэнтаў на трапленне ў шорт-ліст праграмы «7 найбольш уразлівых помнікаў і аб’ектаў культурнай спадчыны ў Еўропе, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».

Разам з арлянскай сінагогай у “доўгім” лісце з 14-і прэтэндэнтаў: будынак Нацыянальнага тэатра ў Осла ці тыя ж сады вакол Вежы Вікторыі Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане.

У эфіры Беларускага Радыё Рацыя суаўтар заяўкі на конкурс і захавальнік сінагогі, солтыс у вёсцы Орля Марэк Хмялеўскі, распавядае пра тое, як гэты гістарычны будынак перайшоў пад заступніцтва мясцовых жыхароў і стаў важным элементам культурнага жыцця паселішча. Сінагога, якая перажыла гады забыцця і запусцення, сёння з’яўляецца не толькі помнікам, але і сімвалам, на якім трымаецца цікавасць мясцовай супольнасці.

Кажа Марэк Хмялеўскі:

-Калі пра мяне казаць, то я нарадзіўся ў Орлі, тут мая радзіма. Увесь час тут жывём. Мае продкі жылі разам з яўрэямі. Я заўсёды цікавіўся гісторыяй. Акрамя гэтага, я не люблю несправядлівасць, і пачалося ўсё з таго, што трэба было неяк ушанаваць памяць пра яўрэяў. Мы распачалі Маршы памяці і працягваем іх праводзіць. Гады тры таму нават помнік усталявалі, прысвечаны памяці нашых суседзяў. Там так і напісана: ”Суседзям” на чатырох мовах. Тры гады таму дайшло да таго, шо мы распачалі сезон – арганізоўвалі паездкі і праводзілі экскурсіі ў сінагозе для турыстаў, у нас ёсць чатыры валанцёры. Я каардыную гэта, да мяне тэлефануюць. Заўсёды нехта адчыніць сінагогу і раскажа пра яе.

А па-другое, пачалі неяк  ажыўляць гэтае месца.  Маем мэту, каб пра нас пачуў свет. І мы пачалі праводзіць культурную анімацыю, можна так назваць. Канцэрты праводзяцца, выступаюць тэатры, выставы мастацкія і фотавыставы. Прыдумалі кожную суботу сустрэчы з цікавай асобай. Стварылі старонку на фэйсбуку. Таксама мы наладзілі кантакт з універсітэтам мастацтваў Магдалены Абакановіч у Познані. І тут быў цэлы мастацкі дэсант на чале з рэктарам універсітэту падчас фестывалю мастацтваў.

Праект «7 найбольш уразлівых помнікаў і аб’ектаў культурнай спадчыны ў Еўропе, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення» падтрымліваецца Europa Nostra і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і накіраваны на рэстаўрацыю і захаванне помнікаў.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя