BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марылькі няма ўжо 30 гадоў

26 студзеня мінае 30 гадоў як не стала нашай сяброўкі, паэткі, настаўніцы, актывісткі беларускага руху на Беласточчыне Марылькі Базылюк-Саснюк.

Марылькі Базылюк-Саснюк

Паходзіла яна з вёскі Кленікі, Чыжоўскай гміны, Бельскага павету, а дакладней з хутара – Абезянава.

Вучылася яна ў Беларускім ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, як і я, але мы размінуліся. Калі я туды паступіў яна была ўжо студэнткай беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.

Пазнаёміўся я з ёй ўвосень 1981 года, падчас заснавальніцкага сходу Беларускага Аб’яднання Студэнтаў у Беластоку, у сядзібе Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства (БГКТ) на вуліцы Варшаўскай.

На той жа сход прыехала група беларускай школьнай моладзі з Бельскага белліцэя, 4-х нас было. І тады ўвайшлі мы ў студэнцкі рух, які ў той час ажыцяўляўся, набіраючы свой кшталт і форму. Што праўда, ненадоўга, бо 13 снежня таго ж года было ўведзенае ваеннае становішча ў краіне, і ўся незалежная грамадская, палітычная ці нават культурніцкая дзейнасць, якая ўспыхнула свабодай карнавалу Салідарнасці, была рэзка спынена. На нейкі час.

Ды і сапраўды, калі стаў я студэнтам, дарэчы Варшаўскага унівесітэта, БАС як такі не дзейнічаў, ды наагул не існаваў.

Але ж беларускія студэнты былі, вучыліся, у тым ліку і на Варшаўскім універсітэце.

І тут жа зноў перасекся з Марылькай Базылюк, якая акурат і завяршала вучобу.

Ладзіліся, ці гэта беларускія студэнцкія мерапрыемствы, ці іншыя сустрэчы беларускага характару, у Клубе БГКТ. Там і сустракаліся. Ды наагул, так бывала, што большай групай нашыя студэнты разам вярталіся дахаты, прынамсі з Варшавы ў Бельск-Падляшскі, ці гэта на аўтобусе (такі некалі курсіраваў, ці на цягніку). Здарылася вяртацца з Марылькай(яна канчала апошні пяты курс філфака) і доўга-доўга размаўляць падчас шматгадзіннага падарожжа.

Марылька расказывала многа і пра студэнцкае жыццё і пра Беларусь, бо ж яна як студэнтка беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, можа не часта, але бывала ў тадышняй БССР. Расказвала, што савецкая Беларусь зрусіфікаваная, і гэта яшчэ як, нібыта на вякі злучаная з «Саюзам», але …не ўсё страчанае. Тыя размовы давалі надзею.

З восні 1984 года Марылька пачала працу настаўніцы беларускай мовы ў родных Кленіках, але нашыя кантакты не абарваліся. Бывала і так, што беларускія студэнты падчас сваіх турыстычных рэйдаў раз, ці два завіталі і да Марылькі ў Абезянава.

Пазней, ўжо ў пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, калі Марылька працавала ў бельскай «Тройцы», таксама настаўніцай беларускай мовы, а мне давялося стаць радыёжурналістам беларускай праграмы «Пад знакам Пагоні» на Радыё Беласток, час ад часу запісываў яе, пра ўрокі, пра школьную моладзь, ці пра літаратуру (сама Марылька пісала вершы па-беларуску).

І помніцца радасныя і сумныя сустрэчы, калі Марылька выйшла замуж, калі паявіліся дзеці, і….калі захварэла. Бадай ўзімку 1994 ці 95 года ладзілі зборкі сродкаў у Бельску на аперацыю Марыльцы. Між іншым у Бельскім Доме Культуры зладзілі дзеля гэтага канцэрт беларускіх калектываў. Мне даваялося яго весці.

Марылька памерла 26 студзеня 1996 года. На пахаванні было некалькі соцен людзей, так многа, што Міхайлаўская царква не памяшчала ўсіх падчас паніхіды. Запамяталіся мне словы Сакрата Яновіча, што яго… уразіла менавіта колькасць людзей, што яе (Марыльку) столькі праводзіць у апошнюю дарогу.

Пахаваная на праваслаўных могілках па вуліцы Войска Польскага.

15 гадоў пазней выйшла кніжка пра Марыльку, са здымкамі, копіямі яе вершаў, лістоў, допісаў, ці фрагментамі яе магістэрскай дысертацыі. Кніжка выдадзеная Аб’яднаннем у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АБ-БА». Але кажуць, што… чалавек жыве, пакуль жыве памяць пра яго.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Марылька Базылюк-Саснюк (1959-1996)– настаўніца, паэтка, дзяячка беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне. Выхавалася на хутары Абезянава, ля Клейніка. Закончына Бельскі белліцэй імя Браніслава Тарашкевіча і беларускую філалогію Варшаўскага ўніверсітэта. Прымала актыўны ўдзел у беларускім студэнцкім руху пачатку 80-х гадоў, была сярод заснавальнікаў “БАСу”. Пазней працавала настаўніцай у школе ў Клейніках ды ў «Тройцы» у Бельску-Падляшскім. Пакінула пасля сябе вершы, якія друкаваліся ў студэнцкім часопісе «Сустрэчы», тыднёвіку «Ніва» і гадавіку «Тэрмапілы», а таксама ў калектыўным зборніку «Мае песні Табе дару», а частка іх увайшла ў кнігу “Марылька”, выдадзеную аб’яднаннем “АБ-БА” ў 2011 годзе.