Скрыншот з відэа: YouTube
Пра праблемы, з якімі сутыкнуліся беларускія эмігранты ў Грузіі, распавядае журналістка Марына Маўчанава-Бушынская ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Калі ты з’ехала і чаму менавіта Грузія?
– Мы з’ехалі ў жніўні 2021 года. Чаму менавіта Грузія? На той момант гэта была адзіная краіна, куды можна было без перашкод паехаць, бо былі зачыненыя межы з Еўразвязам. У Грузію можна было сесці на самалёт і прыляцець.
РР: Зараз беларусы спрабуюць вехаць з Грузіі ці наладжваюць новае жыццё там?
– Пасля выхаду гэтага консульскага ўказу 278, шмат хто вырашыў адсюль з’язджаць. Шмат тых, хто не хацеў, але цяпер вырашылі з’язджаць. У Грузіі даволі складана вырашыць пытанне з легалізацыяй. Нават не столькі з легалізацыяй, колькі з тым, што рабіць, калі скончваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарту.
Тут не выдаюць такі пашпарт замежніка, як у Літве і Польшчы. Яго выдаюць толькі тым, хто мае статус уцекача ці той, хто атрымаў міжнародную абарону тут у Грузіі. Проста так не выдаюць гэты пашпарт. Тут складана атрымаць міжнародную абарону. Ёсць некалькі кейсаў, калі беларусы падаваліся і атрымлівалі адмовы.
Адзін з іх, я дакладна ведаю, пісала пра гэтую гісторыю, жанчына тут нарадзіла дзіця. Гэта было яшчэ да консульскага ўказу. Вядома, што нованароджаным і раней не выдавалі ў беларускіх амбасадах пашпарты. Яна не магла вярнуцца з-за меркавання, што будзе затрыманая ў Беларусі. Падалася тут на міжнародную абарону, але атрымала адмову. Падала апеляцыю, але пакуль усё ў працэсе.
Мясцовы беларускі праваабаронца таксама распавядае, што апошнім часам усё больш беларусаў падаюцца тут на міжнародную абарону. Але пакуль не было ніводнага вядома станоўчага кейсу. Дагэтуль гэтая няпэўнасць прымушае трымаць людзей у ад’ездзе. Спрабуюць усё ж такі змагацца з усёй гэтай бюракратыяй і атрымаць статус уцекача тыя, у каго не тое каб не было выйсця, каму даволі цяжка будзе арганізаваць яшчэ адзін пераезд.
РР: На якой падставе ў Грузіі адмаўляюць у міжнароднай абароне?
– Я дакладна ведаю пра адзін кейс, пра які пісала і бачыла гэтыя дакументы, там тлумачэнне было, што яны не бачаць падстаў, чаму ў Беларусі павінна быць небяспечна гэтай жанчыне. Яна не пераканала сваёй гісторыяй і яны так і напісалі. Даслоўна ўжо не згадаю.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя