У Музеі памяці Сібіры прайшла адкрытая лекцыя Яна Рачыньскага пад назвай “Спісы смяротнікаў” Сталіна ў сістэме савецкага дзяржаўнага тэрору”.
Пра важнасць памяці пра рэпрэсіі, кажа старшыня праўлення “Міжнароднага Мемарыяла” Ян Рачыньскі:
– Важна пра гэта нагадваць, каб разумець, як гэта магло здарыцца. Якой жахлівай можа быць дзяржава без кантролю з боку грамадства. Гэта галоўная прычына. Бальшавіцкі рэжым знішчыў усе грамадскія структуры і пасля гэтага стала магчыма ажыццяўляць бязмежны тэрор.
Дырэктар музею Войцех Слешыньскі таксама падкрэсліў важнасць далейшай супрацы ўстановы з “Мемарыялам”:
– Таварыства “Мемарыял” не можа зараз дзейнічаць у Расеі. Яно несумненна зрабіла найбольш для даследавання сталінскіх злачынстваў. Выбітная асоба і выбітнае месца – Музей памяці Сібыры. Напрацягу гадоў мы супрацоўнічалі і надалей супрацоўнічаем.
Ян Рачынскі ў 2022 годзе прадстаўляў расейскі “Мемарыял” на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, прысуджанай гэтай арганізацыі сумесна з “Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў”.
Цалкам азнаёміцца з “расстрэльнымі спісамі” Сталіна, у тым ліку па БССР, можна тут: stalin.memo.ru.
Беларускае Радыё Рацыя