BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Межы сумлення

Поўнамаштабная вайна ва Украіне, акрамя адчувальнага татальнага гора і пакут, стварыла і прававыя праблемы людзей, якія паводле сваіх рэлігійных перакананняў не могуць узяць у рукі зброю. Гэта забараняюць веравучэнні некаторых рэлігійных арганізацый. І калі ў мірны час такіх супярэчнасцяў не ўзнікала – Канстытуцыя Украіны гарантавала права на альтэрнатыўную (невайсковую) службу, – то падчас дзеяння ваеннага становішча адмовіцца ад мабілізацыі па рэлігійных перакананнях немагчыма.

Альтэрнатыўная служба прадугледжвае працу на дзяржаўных, камунальных прадпрыемствах альбо ў патранажнай службе Чырвонага Крыжа Украіны – то бок своеасаблівае выкананне абавязку перад Радзімай і грамадствам. Заканадаўствам Украіны вызначана, удзельнікі якіх менавіта рэлігійных арганізацый маюць права праходзіць альтэрнатыўную службу ў мірны час. Для гэтага неабходна было дакументальна пацвердзіць сапраўднасць перакананняў і прыналежнасць да цэркваў, адносна якіх мясцовая дзяржаўная адміністрацыя прыняла адпаведнае рашэнне.

Аднак мабілізацыя – гэта не проста нясенне ваеннай службы, а абарона Радзімы ад ваеннага ўварвання іншай дзяржавы. Цяпер украінскія суды заваленыя справамі аб адмове ад мабілізацыі па рэлігійных перакананнях і яе замене на альтэрнатыўную службу, што прывяло да ўзнікнення юрыдычнай калізіі. Дзяржава прапануе вернікам, напрыклад, пасады сувязістаў без зброі, медыкаў ці тых, хто забірае целы, працу на кухні ці рамонт чыгуначных шляхоў у вайсковай частцы. Небаявых пасадаў больш чым дастаткова, таму калі вернік адмаўляецца ад такога варыянта службы, суд расцэньвае гэта, як ухіленне ад абавязку абараняць Радзіму, і тут ужо надыходзіць крымінальная адказнасць. 

Хаця ёсць шмат выпадкаў, калі тыя, чыя вера не дазваляе браць у рукі зброю, ішлі добраахвотнікамі на фронт. І іх не асуджалі і не адлучалі ад царквы.

Але калі ў закон Украіны ўвядуць магчымасць альтэрнатыўнай службы падчас вайны, існуе рызыка, што некаторыя людзі пачнуць далучацца да царквы не з перакананняў, а каб пазбегнуць мабілізацыі. Недастаткова задэклараваць сябе вернікам: каб стаць сябрам царквы, неабходна прайсці пэўны шлях і засведчыць сапраўднасць сваіх перакананняў. 

Дарэчы, ва Украіне з 2014 года на лініі судакранання служаць некалькі сотняў капеланаў. Гэта прадстаўнікі ўсіх цэркваў, зарэгістраваных ва Украіне. Прычым абодвух полаў, бо заканадаўства дазваляе жанчынам быць капеланамі. Таму канстытуцыйная свабода выбару рэлігіі не раўняецца адмове ад канстытуцыйнага абавязку абараняць Радзіму. Але, на жаль, у кожнага свае межы свабоды сумлення.

Ліза Ахроменка