BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міхал Косць: Успрыняў прызнанне майго Інстаграму экстрэмісцкім як нейкі жарт

Госць Рацыі — Міхал Косць, вядомы ў Беластоку і ў Польшчы фатограф, сябра Аб’яднання польскіх мастакоў-фатографаў, фатограф агенства «Форум».

РР: Нагодай для размовы стала інфармацыя, сам не ведаю, плакаць, ці смяяцца, сумна, ці смешна, што твой профіль на Інстаграм, дзе публікуеш свае фатаграфіі, у Беларусі прызналі экстрэмісцкім. Што скажаш?

Міхал Косць: Так, даведаўся пра гэта ўчора, можна сказаць выпадкова, паведаміў мне ваш калега з Радыё Беласток. Не мог паверыць, бо на мой профіль падпісана ўсяго 60 чалавек. Выглядае гэта досыць забаўна, што такі профіль можа быць небяспечны для рэжыму ў Беларусі. Падумаў сабе, што Лукашэнка такі слабы, што баіцца 60-ці падпісчыкаў майго профілю. А затым прыйшла такая рэфлексія, калі такіх профіляў тысячы, то будзе 60 тысяч асоб. Увогуле ўспрыняў гэта як адмысловы жарт. Быў уражаны, але гэта навіна нарадзіла такую рэфлексію, што кропля нішчыць скалы. То бок, варта такія рэчы рабіць, можа гэта ў нейкі спосаб паўплывае на рэальнасць.

РР: Экстрэмісцкі – гэта калі схільны да крайніх поглядаў, да крайніх дзеянняў. Экстрэмізм вельмі часта выяўляецца ў палітыцы. А ты не палітык, ты фатограф. І патрапіў у гэты “чорны” спіс лукашэнкаўскага рэжыму. Як думаеш, якія твае фатаграфіі так раз’юшылі рэжым у Беларусі?

Міхал Косць: Тут трэба яшчэ дадаць, што на гэтым профілі я прэзентую толькі асобныя выбраныя здымкі. Мае іншыя здымкі, у вялікай колькасці, ёсць на старонках агенства «Форум». Там здымкаў не 5, або 10-20, а шмат здымкаў, якія я рабіў на акцыях беларускай апазіцыі ў Беластоку і таксама на тэрыторыі нашага ваяводства. Там тых здымкаў тысячы. Хіба што тыя здымкі маглі найбольш раз’юшыць, бо тыя здымкі даступныя для медыяў у цэлай Польшчы. Акрамя таго раблю такія тэгі «Беларусь» – па-польску, па-расейску, па-беларуску, і з-за гэтых тэгаў здымкі напэўна не падабаюцца беларускаму рэжыму.

РР: Дакументуеш таксама тое, што адбываецца на мяжы?

Міхал Косць: Так. Фатаграфую таксам крызіс на мяжы. І мушу тыя здымкі неяк апісваць, бо як прафесійны фотарэпарцёр не магу змясціць здымкі без подпісаў, таму раблю кароткія тлумачэнні і таксама падкрэсліваю, што міграцыйны крызіс паўстаў у выніку дзейнасці рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. І тое пры кожным здымку адзначана. Тых фотаздымкаў на маім Інстаграме можа не так шмат, можа каля 50-ці, ці крыху больш, але ўсе яны апісаныя. І здымкаў беларускай тэматыкі можа адна траціна ад агульнай колькасці. На граніцу я досыць часта езджу. На Інстаграме – мая пляцоўка фатаграфічнай дзейнасці. Але асноўныя вынікі маёй працы можна пабачыць на інтэрнэт-рэсурсе агенства «Форум», там ужо тысячы здымках. Увогуле мае здымкі з’яўляюцца ў розных медыях, трапляюць і ў замежжа. То бок, гэта робіцца не толькі для сябе.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя