Памежныя службы Польшчы і Латвіі ў чацвер, 20 лістапада, зафіксавалі новыя спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.

Польская Памежная ахова паведаміла, што цягам учорашняга дня адбылося больш за дзесяць спробаў прарыву мяжы. На працягу трох папярэдніх дзён служба рапартавала пра поўную адсутнасць такіх інцыдэнтаў.
На ўчастку адказнасці Падляшскага аддзела Памежнай аховы інцыдэнт адбыўся ў Нараўцы.
«Замежнікі спрабавалі трапіць у Польшчу праз сухапутную мяжу. Убачыўшы польскія патрулі, яны адступілі ў глыб Беларусі», — паведамілі ў аддзеле.
Латвійскія памежнікі 20 лістапада спынілі 16 спробаў парушэння мяжы. Да гэтага яны два дні запар не сутыкаліся з такімі выпадкамі.
Між тым Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначыла, што 20 лістапада спробаў незаконнага перасячэння мяжы зафіксавана не было.





