Міраслаў Тарнаўскі – беларускі грамадскі актывіст вось ужо 7 гадоў жыве ў Польшчы і знайшоў сябе ў супрацьстаянні лукашэнкаўскай прапагандзе вельмі простым чынам. Ён вось ужо амаль тры гады штодня выкладвае ў сваіх сацыяльных сетках уласнаруч прыгатаваныя сняданкі, абеды і вячэры. Паказваючы тым самым, што беларусы, якія вымушаныя былі выехаць пасля 2020 года, зусім тут не галадаюць, як гэта гаворыць дзяржпрапаганда.

З Госцем Рацыі пра сняданкі і контрпрапаганду пагутарыў Юрась Дзяшук.
РР: Чым вы займаліся ў Беларусі? Адкуль вы з Беларусі? І як даўно прыехалі ў Польшчу?
Міраслаў Тарнаўскі: З Польшчаю звязаная большая частка майго жыцця. Мы яшчэ з маці ездзілі калі мне было 6 гадоў. Яшчэ пры камуністах. Мая маці яшчэ вучыла хаваць даляры ў шортах. Ну і тут я навучаўся. То бок звязаная большая частка майго жыцця. Бабуля па бацьку была полькай. Значыць бацька мой паляк, маці мая літоўка, а пазнаёміліся яны ў Магадане. Потым бацьку дазволілі вярнуцца ў Паставы. Але ў выніку ён асеў у Магілёве. А маці ў Літву так і не дазволілі вярнуцца.
РР: У Магадане яны апынуліся, відаць, у выніку рэпрэсіяў?
Міраслаў Тарнаўскі: У Магадане апынуліся іхнія бацькі. Бо бацька меў два гады, калі іх вывезлі, а маці мела годзік.
РР: І вы апынуліся па-за межамі Беларусі. Калі вы выехалі?
Міраслаў Тарнаўскі: Выехаў я дакладна 7 гадоў таму, выехаў настала. І 5 гадоў ужо не быў на сваёй бацькаўшчыне.
РР: Я заўважыў, што вы ў Фэйсбуку рэгулярна выкладаеце кароткія фільмікі, дзе паказваеце і расказваеце пра сваё штодзённае харчванне, маўляў, не галадаеце, як тое даводзіць лукашэнкаўская прапаганда. Калі вам прыйшла ў думку гэтая ідэя? Для чаго вы гэта робіце?
Міраслаў Тарнаўскі: Прычынай таму стаў вядомы нам персанаж – Лукашэнка. Калі ён аднойчы выказаўся, маўляў, яны не маюць там чаго есці, яны да нас едуць за соллю, за грэчкай, па цукар. І тут праз два дні мне мой брат тэлефануе і кажа: можа табе туды цукру даслаць? Ну і я ўвайшоў у смак – і пачаў выстаўляць. Спачатку гэта былі сняданкі. Потым абеды. А потым вячэры. Ну і таксама зрабіў свой тэлеграм-канал «Перакрочваючы межы».
Цалкам размова:
Размаўляў Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






