У аўторак, 23 верасня, адбудзецца першае паслявакацыйнае пасяджэнне Сейміка Падляшскага ваяводства.

Пра гэта на брыфінгу паведаміў старшыня Сейміка Цэзары Цеслюкоўскі. У парадку дня – больш за два дзясяткі пытанняў, сярод іх планы размеркаваць 160 мільёнаў злотых з дзяржаўнага бюджэту на грамадзянскую абарону і бяспеку Падляшша:
-Атрымалі мы, як ваяводства, сродкі памерам 160 мільёнаў злотых. Мы прадставім радным Сейміка і грамадству, якія былі крытэры і які быў спосаб падзелу.

Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым адзначыў, што ў цэнтры ўвагі Сейміка застаецца і сітуацыя на польска-беларускай мяжы. Паводле яго, Сеймік не адмаўляецца ад ідэі адкрыць у перспектыве хаця б адзін пункт пропуску на Падляшшы:
-З цікаўнасцю назіраем за міжнароднай дзейнасцю, якая вядзецца Кітаем, маем уражанне, што гэта прымусіць Беларусь прыняць палітычнае рашэнне. Мяркуем, гэта адзін з шанцаў, каб нармалізаваць сітуацыю.
Кіраўніцтва ваяводства паведаміла таксама пра іншыя тэмы будучай сесіі: сярод іх размеркаванне 6 мільёнаў злотых на падтрымку спартыўнай інфраструктуры, больш за 5 мільёнаў злотых для шпіталяў, патрэбы устаноў культуры, а таксама разгляд адстаўкі віцэ-старшыні Сейміка Яраслава Дваржанскага.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






