BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мы хочам, каб быў персанаж, які б суправаджаў дзяцей на занятках беларускай мовы”

«Трэба рабіць сваё» – так кажа наша сённяшняя Госця, настаўніца беларускай мовы Ганна Комінч. Разам з калегамі яна стварыла новага адукацыйнага героя – Зубраня, які дапамагае падляшскім дзецям вывучаць беларускую мову праз забаву і без прымусу. Пра гэта ды іншае з ёй размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.

РР: Новы герой для беларускіх дзетак на Падляшшы – Зубраня. Што гэта за герой?

Ганна Комінч: Гэта персанаж пакуль што папкі, спадзяюся, што не толькі, бо ў нас ёсць іншыя планы. І мы хочам, каб гэта быў персанаж, які б суправаджаў дзяцей на занятках беларускай мовы. І папка – гэта было найпрасцейшае, з чаго трэба было пачаць і на што быў, дарэчы, запыт у настаўнікаў беларускай мовы. Але, як мне падаецца, далей трэба ісці ў такое нешта інтэрактыўнае, можа, нават музычнае і забаўляльнае і танцавальнае, каб гэтыя заняткі беларускай мовы зрабіць яшчэ больш разнастайнымі. І гэта вынікае проста з таго раскладу, які дзеці маюць у школе. Таму што заняткі беларускай мовы робяць, па-першае, гэты навучальны дзень даўжэйшым, а, па-другое, ён атрымліваецца ў некаторых школах такі доўгі, як звычайна ў студэнтаў.

РР: То бок гэта звычайна апошнія нейкія заняткі?

Ганна Комінч: Гэта не заўсёды апошнія, часамі – першыя, часамі – апошнія, але здараецца, што праз гэтыя заняткі беларускай мовы ў дзяцей, напрыклад, восем гадзін у дзень. І прычым можа быць так, хоць гэта вельмі непажадана, што тры гадзіны беларускай мовы запар. І вось, што хочаш, тое і рабі, як называецца.

І вядома, што тры акадэмічныя гадзіны беларускай мовы не вытрымаў бы ў такіх умовах нават студэнт. Можа б і вытрымаў, але гэта было б не якаснае навучанне. І ў такіх умовах трэба проста карыстацца іншымі формамі, да якіх мы і ідзём.

РР: Для чытачоў крыху канкрэтызую, што Зубраня – гэта такія заданні для навучання і забавы. Гэта такая папка з заданнямі, якая трапіла, напэўна, ужо ў большасць школ на Падляшшы, дзе беларуская мова вывучаецца. Так я разумею?

Ганна Комінч: Так, яно сапраўды так і ёсць. Прычым я скажу адразу, што ідэя зрабіць нешта ўзнікла ў нас даволі даўно, але што ў выніку атрымалася, ніхто не сказаў бы нават летам. Бо спачатку меў быць у нас часопіс, потым аказалася, што гэта ў дадзеных умовах складана і проста не хапае людзей у камандзе. І хацелі зрабіць каляраванку, бо такі быў запыт настаўнікаў, але каляраванка ўжо для мяне сумна, таму што каляраваць можна ўсё, што заўгодна, а тут трэба было зрабіць, калі ўжо каляраванку, то з мінімальным беларускім тэкстам і з заданнямі, рэбусамі, галаваломкамі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя