Беларускія эмігранты, якія жывуць цяпер ва Уроцлаве, па-філасофску ставяцца да сітуацыі, якая назіраецца апошнімі днямі ў гэтым рэгіёне.
Ці назіраецца паніка сярод беларусаў? Як беларусы далучаюцца да дапамогі ў падрыхтоўцы да паводкі і магчымых падтапленняў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае эмігрантка з Беларусі, якая цяпер жыве ва Уроцлаве, Святлана.
РР: Як зараз выглядае сітуацыя ва Уроцлаве? Ці ёсць паніка?
Святлана: Насамрэч, сітуацыя пачалася не сёння, не ўчора. Яна пачалася, лічыце, амаль тыдзень таму, калі было папярэджанне, што будуць вялікія ападкі. І што гэта можа быць паводка, як было ў 1997 годзе ва Уроцлаве. Сапраўды, былі дажджы пяць дзён запар без перапынку. Але ў самім Уроцлаве дажджы былі не моцныя. Толькі можа апошні дзень, а так суцэльны дождж, але ён быў невялікі. Вялікія дажджы былі ў гарах, і менавіта гэтыя дажджы ў гарах і правакуюць гэтую павадзь, якую мы чакаем. Можа яна вялікая і не будзе, але асцерагаемся яе. Гэта сітуацыя, дарэчы, не зусім зразумелая была спачатку беларусам, таму што ў Беларусі, у тым жа Менску затаплівала, калі быў вялікі лівень, і каналізацыйная сістэма не спраўлялася, і вада стаяла на дарогах.
Зусім іншыя страхі тут. Бо вада, якая збіраецца ў гарах, яна з вялікай хуткасцю сцякае. Ёй там няма дзе затрымлівацца, яна з вялікай хуткасцю сцякае ўніз, трапляе ў рэкі. Рэкі перапаўняюцца і з вялкай хуткасцю нясуцца далей. Па дарозе існуюць розныя месцы збору вады, каб гэтая паводка не такая моцная была, але не ўсе яны вытрымалі, некаторыя дамбы былі разбураныя. І такім чынам быў затоплены Плоцк. Вада вялікая, яна несла не тольк дрэвы і галіны ці нейкія сметніцы, а нават машыны магла несці гэтая вада. І яна з розных рэкаў нясецца ў бок Уроцлава праз Аполе, Бжэг, Алаву. Таму мы кажам, што мы яе чакаем, бо трэба час, каб тая вада дайшла да Уроцлава. Першае папярэджанне было дзесьці з панядзелка на аўторак, пасля пераносілася кожны дзень, нават перанеслася на чацвер. Гэтая першая хваля пайшла вялікая, але яна будзе на некалькі дзён.
РР: Як Вы ставіцеся да сітуацыі, як беларуска, якія ў Вас эмоцыі? Ці ёсць здзіўленне, ці хваляванні?
Святлана: Сказаць што паніка, не, не скажу. Лёгкая трывожнасць ёсць, таму што трэба было спачатку зразумець гэты прынцып, адкуль і як ідзе вада. Хоць, прыехаўшы ва Уроцлаў, напэўна кожны эмігрант, калі не ведаў, то ўжо ведае, што ў 1997 годзе была паводка вялікая. І шмат хто ўжо паглядзеў фільм “Wielka Woda” , а хто не паглядзеў, глядзіць зараз, які здымаўся ў 2021 годзе тут, ва Уроцлаве. Хтосьці больш трывожны, хтосьці менш. Я не магу сказаць, што людзі надта ўпадаюць у паніку, а некаторыя кажуць, што мы перажылі 2020 год, перажывем і гэта. Нават такія жарты ходзяць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя