BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

МЗС Польшчы лічыць уведзеныя візавыя змены эфектыўнымі

Польскае МЗС мяркуе, што ўведзеная летась відэаверыфікацыя падчас рэгістрацыі на падачу дакументаў на візы палепшыла гэты працэс, а паслугі незаконных пасярэднікаў перасталі быць эфектыўнымі.

Фота: gov.pl

Гэта вынікае з адказу дэпартамента інфармацыі МЗС Польшчы на пытанні тэлеканала «Белсат» адносна цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца беларусы, спрабуючы атрымаць польскія візы. Так, запісу на падачу дакументаў у Менску цяпер даводзіцца чакаць чатыры месяцы і даўжэй. І гэта нават праз «памагатараў» і за немалыя грошы. Польшча абяцала змагацца з пасярэднікамі і ботамі, якія рэзервуюць месцы на сайце візавага цэнтру, уводзіла дадатковыя патрабаванні, напрыклад, відэаверыфікацыю, аднак робіцца толькі горш.

Асобна «Белсат» запытаўся пра сітуацыю з гуманітарнымі візамі. Заяўкі на гуманітарныя візы разглядаюцца і візы выдаюцца, заяўляе МЗС Польшчы. На сённяшні дзень кожная заяўка разглядаецца індывідуальна, каб вызначыць, ці існуе рэальная пагроза з боку ўладаў Беларусі для канкрэтнай асобы.