24 лютага, у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у Кракаве прайшла антываенная акцыя. Да яе далучыліся каля дзясятка беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, але арганізатары забаранілі ім удзельнічаць з сімволікай, піша MOST. Па словах удзельніка акцыі Яраслава, прэтэнзіі выказалі дыпламаты з генконсульства Украіны – яны выступалі арганізатарамі акцыі.
Калі беларусы сталі даказваць, што пад гэтым сцягам за Украіну ваююць добраахвотнікі, арганізатары паклікалі паліцыю. «Вартавыя парадку патлумачылі, што калі гэта сцягі Беларусі, то, паводле заяўкі арганізатараў мітынгу, яны забароненыя на іх мерапрыемстве», – расказвае Яраслаў. Паводле яго, на акцыі былі не толькі сцягі Украіны і Польшчы, але таксама ЗША, Казахстана ды іншых краін. Да іх арганізатары прэтэнзій не выказвалі.