У ГУВ Украіны ведалі пра планы расейскіх акупантаў па наступленні на поўначы Харкаўскай вобласці. Прадстаўнік ведамства Андрэй Юсаў заклікаў расейцаў здавацца ў палон і заявіў, што “прынята рашэнне як мага хутчэй адкрыць дадатковы лагер для ваеннапалонных”.
Між тым, з населеных пунктаў Харкаўшчыны, дзе існуе пагроза жыцьцю і здароўю мірных жыхароў, эвакуявалі больш за 4 тысячы чалавек, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінегубаў.
Па-ранейшаму недасягальнай для акупантаў мэтай застаецца Адэская вобласць, якая годна трымае абарону. Колькасць расейскіх прылётаў пакуль што прыкладна на тым жа роўні, – распавяла мясцовая беларуска Ганна Шастакоўская:
-Мора замінавана, я мяркую. І з мора нерэальна наступаць. Адкуль можна наступаць? З Нікалаева. Нас Нікалаеў выратаваў на пачатку вайны. Пад Нікалаевам ішлі баі і ледзь не танкі ўваходзілі ў прыгарад Нікалаева. Але яны адбіліся. Калі возьмуць Нікалаеў, тады так, можна было б казаць пра гэта.
Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе звыш 2 гадоў і 2 месяцаў. А ад моманту анексіі Крыму, Луганскай ды Данецкай вобласці Расеяй мінула больш за 10 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя.