У доўгія выходныя прайшлі беларускія летнікі для дзяцей школьнага веку. Селёта малодшую групу ўдзельнікаў гасцінна прыняў Бора-Здруй у Ляўкове. А старэйшая група адпачывала і працавала ў Нараўцы.

Старэйшыя дзеці ткалі крайкі ў галерэі імя Тамары Саланевіч пад вокам інструктаркі Катажыны Бяляўскай, ездзілі конна, знаёміліся з лесатэрапіяй, кухарылі і вязалі на ўласнаруч выструганых палачках разам з Ганнай Пякарскай, спявалі купальскія песні і гралі ў квізы і настолкі па-беларуску з Ганнай Комінч. Госцем летніка быў саліст гурта “Naviband” Арцём Лук’яненка, які падзяліўся сакрэтамі імправізацыі і падказкамі, дзе і як шукаць натхненне для творчасці.
Уражаннямі пра летнік дзеляцца ўдзельнікі і іх бацькі, кажа Радаслаў Дамброўскі:
– Шкадую, што сам не быў з гэтымі дзецьмі. Гледзячы па тым, як мы тут гулялі ў такую бацькоўска-дзіцячую гульню, адказвалі на рознага кшталту пытанні, то гэта нам таксама нагадвае, што пэўная сфера ведаў вымагае часам таго, каб дапоўніць яе. Супер, што гэтаму дзеці вучацца тут.
Пётр Паплаўскі: Я вельмі люблю гэты час, гэтую атмасферу, якая пануе тут. Разам гаворым па-беларуску, вучым купальскія песні, купаемся ў рэчцы.
Гаворыць інструктарка і выхавацелька старэйшай групы Ганна Пякарская:
– Мне падаецца, калі працуеш з дзецьмі, трэба адразу зразумець, што ты можаш сабе ўяўляць і рабіць нейкія планы, а яны і так іх перапішуць і зробяць па-свойму. Таму я вельмі задаволеная, бо большасць таго, пра што я думала, што я хацела, нам атрымалася зрабіць. Думаю, што гэта было таксама дзецям цікава. Кожны раз, калі я бачу, як яны паглыбляюцца ў гэтыя заняткі, я проста ў захапленні.
Штогод такія летнікі ў канцы навучальнага года ладзіць аб’яднанне АБ-БА ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову.
Цалкам матэрыял:










Беларускае Радыё Рацыя