BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На мяжы з Літвой затрымалі двух беларусаў з дронамі

Уначы ў Гарадзенскім раёне, за паўкіламетра ад мяжы з Літвой, затрымалі двух грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.

У аўтамабілі і прычэпе памежнікі выявілі два квадракоптары і пульты кіравання да іх, 18 акумулятарных батарэй, ноўтбук і радыёстанцыю, а таксама “таварна-матэрыяльныя каштоўнасці”.
“Адзін з затрыманых прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, – сцвярджае Дзяржаўны памежны камітэт. – Мужчына незаконна вырабляў беспілотныя лятальныя апараты. Другі зламыснік неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы”.

Пры аглядзе месцаў пражывання мужчын выяўлена майстэрня для саматужнага вырабу беспілотнікаў, у якой было пяць радыёстанцый, ноўтбукі, розныя мікрасхемы, гарнітуры, антэны, GPS-трэкеры, акумулятары да дрона і зарадныя прылады.

Усё знойдзенае канфіскавалі супрацоўнікі Гарадзенскай памежнай групы. Пачаты адміністрацыйны працэс за “спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне памежнага рэжыму”.

Беларускае Радыё Рацыя