
Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым прызначыў сацыяльнага ўпаўнаважанага па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў. Ім прызначаны Аляксандр Васылюк, які запэўніў у плённай працы на карысць усіх нацыянальных меншасцяў Падляшша:
— Я адчуваю, што мяне цэняць, а значыць, цэняць не толькі мяне, а ўсю нашую супольнасць, Форум меншасці Падляшша. Мы радыя, што маршалак бачыць патрэбу ў кансультацыі ў гэтай галіне. Быць у пэўным сэнсе транслятарам патрэб людзям, якія кіруюць ваяводствам. Я спадзяюся, што наш голас будзе пачуты, і я спадзяюся, што мы сапраўды здолеем стварыць нешта файнае, нешта новае. Гэта трэба развіваць.
Прызначэнне Аляксандра Васылюка прывітаў прысутны на ўрачыстай прэс-канферэнцыі прафесар Алег Латышонак:
— Ведаю Аляксандра Васылюка не ад сёння. Нашы дзеці разам хадзілі ў беларускі садок і Аляксандр Васылюк вельмі спрыяе ўсяму, што беларускае. Ён мае шырэйшы погляд паколькі, як дзеяч царкоўны супрацоўнічаў так сама з іншымі меншасцямі. Будзе вельмі карысным для нашай беларускай меншасці, наогул для ўсіх меншасцяў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Новапрызначанага дарадцу таксама прывіталі: старшыня Форуму меншасцяў Падляшша Яраслаў Вердоні, намеснік прэзідэнта Беластока Марэк Масальскі, дырэктар Цэнтру беларускай культуры Анатоль Вап ды ваяводскі радны і старшыня Камітэта адукацыі, культуры, турызму і спорту Ігар Лукашук.


Беларускае Радыё Рацыя






