Супрацоўнікі Падляшскай дзяржаўнай падатковай адміністрацыі спынілі кантрабанду цыгарэт на чыгуначным памежным пераходзе ў Семяноўцы.

Грузавы цягнік, які ўязджаў з Беларусі ў Польшчу, быў прасвечаны супрацоўнікамі мытна-падатковай службы сканерам. Аналіз паказаў, што ў адной з сарака чыгуначных цыстэрнаў саставу могуць быць схаваныя кантрабандныя цыгарэты.
Вагон праверылі. З цыстэрны з вадкай сінтэтычнай смалой мытнікі вынялі кардонныя скрынкі, якія змяшчалі 5 тыс. пачак беларускіх цыгарэт. Іх рынкавы кошт ацанілі на 85 тыс. злотых.
Экіпаж цягніка быў дапытаны. Цыгарэты паступілі на склад Мытнага аддзялення ў Семяноўцы. Па справе аб кантрабандзе распачатая крымінальная справа.