BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На польска-беларускай мяжы па-ранейшаму неспакойна

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 3800 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу.

Фота: Straż Graniczna / X.com

«У апошнія тыдні мы адзначаем павелічэнне колькасці людзей, якія спрабуюць незаконна перасекчы польска-беларускую дзяржаўную мяжу. У першым квартале гэтага года зафіксавана больш за 3800 такіх фактаў», – распавёў польскаму выданню Fakt прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анджэй Южвяк.

Ён зазначыў, што за той жа перыяд мінулага года такіх інцыдэнтаў было больш за 5500.

«Уважліва сочым за сітуацыяй і гатовы адэкватна рэагаваць на падобныя парушэнні. Нашы афіцэры ўвесь час прысутнічаюць на гэтым участку мяжы. У іх распараджэнні ёсць адпаведнае абсталяванне і сродкі, а таксама дадатковая падтрымка розных тыпаў сачэння, у тым ліку оптыка-электронных, якія дазваляюць гарантаваць бяспеку мяжы», — адзначыў Южвяк.

Нагадаем, на пачатку года на мяжы Беларусі і краін ЕЗ фіксавалася мінімальная колькасць парушэнняў. З надыходам вясны мігранты актывізаваліся.

На гэтым тыдні падчас наведвання Падляшскага ваяводства кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш пацвердзіў, што вайскоўцы Падляшскай ваеннай аператыўнай групы падтрымліваюць Памежную ахову і будуць працягваць гэта рабіць на працягу ўсяго 2024 года.