Аб’яднанне “Еўрамайдан-Варшава” ладзіць тэрміновую ініцыятыву “Цяпло з Польшчы для Кіева”.
У сувязі са складанымі ўмовамі ва Украіне – моцнымі маразамі, частковай адсутнасцю электрычнасці і ацяплення – арганізацыя запусціла збор на генератары і партатыўныя электрастанцыі. За кароткі час – 5 дзён – грашовая мэта ў 5 мільёнаў злотых была дасягнутая. Але цяпер збор на платформe Pomagam.pl не прыпынены, а ў планах суполкі дапамагчы жыхарам не толькі Кіева, але і іншых гарадоў Украіны.

Пра ініцыятыву і не толькі Госця Рацыі – валанцёрка “Еўрамайдан-Варшава” Надзея Ярэма распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Вы распачалі збор, чаму вырашылі пайсці на гэты крок?
Надзея Ярэма: Мы пайшлі на гэты крок з-за катастрафічнай сітуацыі ў Кіеве, якая змяняецца кожны дзень, якая непасрэдна залежыць ад расейскіх абстрэлаў горада. У Варшаве зараз мы маем тэмпературу мінус 15-14 градусаў, у Кіеве халадней – там 17-18 градусаў марозу. Увогуле па Украіне яшчэ халадней, у маёй вёсцы сёння раніцай было – 21. Да таго ж шмат дзе няма святла. У Кіеве сітуацыя проста катастрафічная. Па стану на сёння ў Кіеве каля 4 тысяч будынкаў не маю абагрэву. І 60% – без электрычнасці.
Мы не з’яўляемся адзінымі арганізатарамі збору. Увогуле збор пачаў Ежы Войцік, гэта работнік «Газеты Выборчай». На пачатку паўнамаштабнай вайны ён стаў сузаснавальнікам польска-украінскага парталу «Сестры». Ён стаў галоўным ініцыятарам. Потым далучыліся мы – “Еўрамайдан-Варшава”, фундацыя «Дэмакрацыя», фундацыя «Адкрыты дыялог», фундацыя «Польскай рады бізнесу» і іншыя. Сярод нашых партнёраў – Polienergia, якая зрабіла найбольшы данат у памеры 50 тысяч злотых.
РР: Як у вас наогул атрымалася дамовіцца з усімі гэтымі арганізацыямі? Раней вы неяк з імі супрацоўнічалі?
Надзея Ярэма: Так. З некаторымі мы раней працавалі. З некаторымі моцна сябруем. Некаторыя проста далучыліся да нас. Мы аб’яднаныя той бядой, якую зараз бачым ва Украіне – як мерзнуць людзі, як мерзнуць дзеці. Можна ўявіць, як жывуць людзі, калі ў кватыры 4-7 градусаў цяпла. У многіх з нас ёсць знаёмыя, якія жывуць у Кіеве, расказваюць пра гэтую цяжкую сітуацыю. І тут мы пабачылі наколькі вялікія сэрцы ў палякаў. Незважаючы на тое, як расейская прапаганда спрабуе нас падзяліць. Але мы пабачылі, наколькі моцная падтрымка. 5 мільёнаў злотых сабрана за 5 дзён. Штосьці неверагоднае.
Асабіста мне згадваецца, як у першыя дні паўнамаштабнага ўварвання, было такое самае пачуццё. І сёння гэта працягваецца – мы бачым, як адбываецца збор, у зборы паўдзельнічала ўжо больш 40 тысяч людзей.
РР: Якая геаграфія гэтых данатаў? Адкуль яны ляцяць? Галоўным чынам з Польшчы?
Надзея Ярэма: Так, гэта перадусім Польшча. Я бачыла словы падтрымкі і ад беларусаў, бо было падпісана ў каментрах беларускай мовай. Было вельмі прыемна гэта пабачыць.
РР: Каму менавіта будуць накіраваныя гэтыя грошы?
Надзея Ярэма: Гэта не будуць проста сродкі, гэта будуць вялікія генератары, якія можна назваць нават адмысловымі станцыямі – магутнасцю каля 600 кілават. Гэта будуць вялікія станцыі, да якой можна падлучыць цэлую школу, ці шпіталь, ці будынак. Мы працуем непасрэбна з крызісным цэнтрам Кіева. Мы будзем ім дасылаць гэтыя генератары. Першая партыя напрыканцы гэтага тыдня ўжо будзе ва Украіне.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Надзеі Ярэмы.






