BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Надзея Салаўёва: Усё пачалося з рамантычнай, пазітыўнай ідэі

Беластоцкі Хаб “Новая Зямля”, у сценах якога праходзяць розныя актыўнасці для беларусаў, працягне сваю дзейнасць у верасні. У гэтым месяцы хаб сутыкнуўся з праблемай аплаты за арэнду. У выніку кіраўніца хабу звярнулася да неабыякавых беларусаў дапамагчы сродкамі. За тры дні было сабрана 9800 злотых, з якіх 6 тысяч пойдзе на аплату арэнды. Астатнія сродкі хаб накіруе на развіццё. Пра хаб, ягоную будучыню і цікавасць беларусаў да беларускай мовы разважае кіраўніца праўлення фундацыі “Новая Зямля” Надзея Салаўёва.

РР: Хаб «Новая Зямля» сутыкнуўся з праблемай – не было чым аплаціць арэнду. Якія эмоцыі ад таго, што беларусы аператыўна сабралі патрэбныя сродкі.

Надзея Салаўёва: Не спыняюся дзякаваць усім, хто нас падтрымаў. Мы адчулі вялікую салідарнасць беларусаў не толькі Беластока, але яшчэ і іншых гарадоў – з Варшавы людзі данацілі, з Вільні. Гэта цешыць і натхняе на тое, што мы напэўна сфармаваліся як адмысловая супольнасць. У Беласток з розных гарадоў радзімы прыехалі беларусы. Наша супольнасць, як мы бачым, цяпер можа згуртавацца і дапамагчы адзін аднаму ў цяжкіх, складаных момантах. Нам гэта было вельмі важна, бо сітуацыя была складаная, стрэсавая. У прынцыпе можа быць мы самі вінаватыя, бо маглі яе прадугледзець. Але не ўсё ад нас залежала. Зараз мы выпраўляем гэтыя хібы, каб не было такіх правалаў.

РР: Здаецца, не першы раз узнікаюць пытанні наконт арэнды. Ці ўзнікае часам такое адчуванне, што хочацца ўсё кінуць?

Надзея Салаўёва: Складаныя пытанні былі. Не буду тут хітраваць і нешта хаваць. Былі ў мяне таксама такія думкі, але яны хутка знікалі, бо калі паглядзіш на тое, што ўжо зроблена, колькі сродкаў ужо ўкладзена, высілкаў, энергіі, інтэлектуальнага патэнцыялу. Замок можам павесіць у кожны момант. Гэта нескладана. Але што далей? Зацішыцца паўсядзённая грамадская дзейнасць, актыўнасць людзей, якія знайшлі сябе, рэалізаваліся тут, ад хаба паўсталі іх нейкія свае справы, самарэалізацыя, бізнес, і кліенты знайшліся. І мы падтрымлівалі ўсё гэта. Не было б хаба – не было і гэтых арганізацый.

РР: Давайце нагадаем слухачам Радыё Рацыя як ствараўся хаб, з чаго ўсё пачыналася.

Надзея Салаўёва: Пачыналася ўсё з рамантычнай, пазітыўнай ідэі і мары наконт таго, што ў Беластоку трэба стварыць цэнтр грамадскага жыцця, актыўнасцяў, куды маглі б прыцягвацца людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Тут іх было ўжо шмат да нашага прыезду. І шмат чаго ладзілася – розных акцыяў, канцэртаў, фестываляў. Але хацелася стварыць такое месца, дзе б акумуляваліся ўсе ініцыятывы і ідэі людзей, якія згубілі радзіму, але прыдбалі яе кавалачак тут. Арганізаваліся, знайшлі сродкі, знялі гэтае памяшканне, якое зараз ёсць, і сталі працаваць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя