BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наколькі папулярнай будзе беларусістыка ў Варшаўскім універсітэце для будучых студэнтаў?

У наступным годзе споўніцца 70 год кафедры беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце. Загадчык кафедры Андрэй Масквін аптымістычна глядзіць на будучыню беларускай мовы. Якія планы ў кафедры? Наколькі папулярная беларусістыка сярод будучых студэнтаў? І які прагноз наконт беларускай мовы? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Прачытала нядаўна Вашае інтэрв’ю, у ім Вы сказалі, што назіраеце рэнесанс беларускай мовы ў Польшчы. На чым грунтуецца Вашае пазітыўнае меркаванне?

Андрэй Масквін: Гэта ўсё заснаванае на тым, што мы, як нацыя, беларусы, перажываем вельмі важны момант. Бо вайна, якая ідзе ва Украіне, яна выклікала такую сітуацыю, што цяпер у першую чаргу ўвесь свет і ўся Еўропа глядзяць на Украіну – украінская культура, украінская літаратура, імі цікавяцца на Захадзе. І калі я прыязджаю на якую-небудзь канферэнцыю, вось нядаўна я вярнуўся з Гранады, дзе былі толькі два даклады на беларускую тэму, а на ўкраінскую – каля 20. І я думаю, што гэтую сітуацыю трэба, па-першае, змяніць. Па-другое, у эміграцыі знаходзіцца вялікая колькасць беларускай інтэлігенцыі. Яны прыехалі сюды, каб ратаваць сваё жыццё, каб працаваць, каб рэалізоўваць свае планы. І гэта вельмі важна. Ёсць людзі, якія добра ведаюць беларускую мову, карыстаюцца ёю. Шмат людзей, якія знаходзяцца ў эміграцыі, стараюцца, робяць усё магчымае, каб размаўляць на беларускай мове. Па-другое, гэта другая група людзей, якія з нейкіх прычын у Беларусі не хацелі, баяліся, прычыны могуць быць розныя, а тут ёсць такая свабода. Бо польская мова падобная, і калі ты размаўляеш на беларускай мове, паляк заўсёды зразумее, што ты гаворыш, і гэта таксама другі вельмі важны фактар, каб пачаць размаўляць і каб працягваць размаўляць на беларускай мове. І ёсць трэцяя група людзей, якія не ведалі беларускай мовы па розных прычынах, і толькі тут, у эміграцыі, пачынаюць рабіць усё магчымае, каб нешта вывучыць, каб не быць горшымі за іншых і ўключыцца ў гэты працэс беларусізацыі. І думаю, што гэтыя тры групы, яны вельмі моцна нейкім чынам узаемадзейнічаюць паміж сабою.

Канешне, не трэба забываць пра школьнікаў, пра дзяцей, бо шмат хто прыехаў з дзецьмі. І гэта для іх таксама вялікая магчымасць, каб хадзіць на курсы беларускай мовы і вучыцца ў рэшце рэшт у нашым універсітэце.

РР: Ва ўніверсітэце ідзе прыём дакументаў на беларусістыку. Ваш прагноз, наколькі будзе ў гэтым годзе папулярнай беларусістыка, наколькі шмат людзей збіраецца ісці.

Андрэй Масквін: Я вельмі аптымістычна гляджу на гэтую сітуацыю. Бо я, як загадчык (я новы загадчык з 1-га кастрычніка мінулага года) і супрацоўнікі кафедры, мы шмат робім для таго, каб рэкламаваць нашую кафедру. Бо калі я пачаў працаваць як загадчык, то я шмат чуў, на жаль, такой інфармацыі, што такая кафедра існуе, а мы нічога не ведалі пра яе. І зараз вельмі важна і вельмі патрэбна рэклама. Але, дзякуючы таму, што я наведаў школы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, размаўляў з настаўнікамі, быў у класах, сустракаўся з рознымі асобамі, усюды стараюся рэкламаваць. І прашу ўсіх змяшчаць рэкламу пра нашую кафедру. Гэта вельмі важна, каб як мага больш людзей ведала пра гэта. Таму, я думаю,  што ў гэтым годзе можа не будзе такога выбуху, але ў наступным годзе абавязкова нешта павінна змяніцца, бо дзеці, якія тут вучацца, для іх гэта велізарная магчымасць, каб вучыцца ў Польшчы, падумаць пра тое, што будзе далей у жыцці, і ўдасканальваць беларускую мову.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя