15 студзеня ў Беластоку падчас урачыстасцяў з нагоды 20-й гадавіны Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове былі ўручаны ганаровыя адзнакі Падляшскага ваяводства асобам, якія маюць асаблівыя заслугі ў падтрымцы нацыянальных і этнічных супольнасцяў. Сярод уганараваных быў і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень.

Сёння Васіль Сегень — наш «Госць Рацыі». Мы пагаворым пра значэнне ўручанай узнагароды, пра праблемы і перспектывы захавання беларускай мовы і культуры на Падляшшы, а таксама пра дзейнасць супольнасці, якая спрыяе развіццю меншасцяў у рэгіёне.
РР: Віншуем Вас з такой адзнакай! Што для Вас гэта азначае на сённяшні дзень?
Васіль Сегень: Гэта вельмі прыемная справа, але ж не самая істотная ў нашай дзейнасці. Тое, што мы робім, чым займаемся, гэта не дзеля грамат ці нейкіх узнагарод, а дзеля патрэбы сэрца, каб захоўваць тое, што для нас дарагое – нашу родную культуру і мову. Добра, канешне, што нехта заўважае наш уклад у захаванне нашай тоеснасці, нацыянальнай культуры і ўсяго таго, што звязана з нашай іншасцю. Але гэта не самае галоўнае.

РР: Якія патрэбы зараз ёсць у арганізацыі, ці можаце Вы абазначыць вектары развіцця, бо вы ўсё ж такі сярод вядучых.
Васіль Сегень: Тое, што мы сярод вядучых, гэта невыпадкова, паколькі гэта самая старэйшая беларуская арганізацыя ў Польшчы, якая дзейнічае ўжо амаль 70 гадоў. У гэтым годзе будзем адзначаць юбілей. Тое, што цягам гэтых дзесяцігоддзяў нашая арганізацыя зрабіла, гэта вялікі ўнёсак у развіццё і нашай беларускай культуры ў Польшчы, і наогул культуры і нашага рэгіёну, і ўсёй краіны, а нават можна і за межы Польшчы выйсці на тэрыторыю хаця б Рэспублікі Беларусь. Гэта цягам многіх дзесяцігоддзяў істотны элемент увогуле агульнабеларускай культуры ва ўсім свеце, там дзе беларусы жывуць і захоўваюць сваю адметнасць і сваю культуру. Так што гэта невыпадкова.
А патрэбы заўсёды вялікія. Арганізацыя з вялікім сантыментам узгадвае тыя гады існавання, калі дзяржава нас падтрымлівала ў якасці шматлікіх штатаў, аплочваных дзяржавай, гэтая падтрымка была больш вялікая і адчувальная. А зараз усё, канешне, абапіраецца на праекты. А з праектаў штат не аплоціш, таго ж вартаўніка ці прыбіральшчыцу. Таму хацелася б большай увагі польскай дзяржавы, так як сёння прагучалі такія галасы, інстытуцыі каб ствараліся і фінансаваліся дзяржавай, бо мы ж грамадзяне гэтай дзяржавы, плоцім падаткі і маем права чакаць ад дзяржавы адпаведнай падтрымкі нашай дзейнасці.
РР: Спадзяемся, што вас пачуюць, бо гэтая сустрэча не апошняя, як было агучана.
Васіль Сегень: Спадзяемся, што пачуюць. Каб гэтыя пастулаты, што прагучалі, знайшлі рэальнае адлюстраванне ў канкрэтных кроках, канкрэтных прававых актах, і канкрэтнай дзейнасці ўладаў усіх роўняў – пачынаючы ад самаўрадаў, заканчваючы самымі высокімі дзяржаўнымі структурамі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






