Напружаная сітуацыя склалася на польскім баку пераходу Цярэспаль — Берасце. З-за таго, што чарга легкавых аўтамабіляў у напрамку Беларусі вельмі вялікая, у некаторых не вытрымліваюць нервы – піша сайт “Віртуальны Брэст”.

Некаторыя спрабуюць купіць сабе месца бліжэй і робяць спробу ўклініцца ў чаргу. З-за такіх перасоўванняў і ўзнікаюць канфлікты. Цэны на такую паслугу ўзляцелі — могуць папрасіць і 100 даляраў. Знаходзяцца і тыя, хто адстойвае сваё месца і нікога не прапускае. Людзі выходзяць на дарогу і блакуюць праезд для тых, хто хоча уклініцца, пры гэтым узнікаюць бойкі. Уначы да пераходу некалькі разоў прыязджала паліцыя. Па стане на раніцу польскі бок падаў, што час чакання ў чарзе да пачатку афармлення дакументаў складае каля 7 гадзін.






