BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Напружанне на мяжы з Беларуссю расце ўжо некалькі дзён

Міністр унутраных спраў Томаш Семоняк заявіў, што апошнім часам «беларускія афіцэры ўдзельнічалі ў наўпроставых правакацыях і агрэсіўных дзеяннях каля мяжы».

Фота: X / @JacekDobrzynski ; Wojciech OlkusnikEast News

«11 тысяч супрацоўнікаў МУС і жаўнераў польскага войска ахоўваюць польска-беларускую мяжу. Не выклікае сумневаў шчыльнае супрацоўніцтва беларускіх службаў з бандамі, што арганізоўваюць кантрабанду людзей з Афрыкі і Азіі. Апошнім часам беларускія афіцэры нават удзельнічалі ў наўпроставых правакацыях і агрэсіўных дзеяннях каля мяжы», – напісаў у сацсетцы X.com міністр Семоняк.

У пацвярджэнне гэтай заявы прэс-сакратар міністра Яцэк Дабжыньскі апублікаваў відэа, знятае на мяжы недалёка ад вёскі Мельнік – з беларускага боку гэта Камянецкі раён Берасцейшчыны. На запісы бачна, што парушальнікі спрабуюць распілаваць агароджу, каля іх можна заўважыць асобу ў вайсковай форме.

Польскія ўлады адзначаюць, што напружанне на мяжы з Беларуссю расце ўжо некалькі дзён. Памежнікі фіксуюць усё больш спробаў перасячэння мяжы, а паводзіны мігрантаў становяцца больш агрэсіўнымі.​

У сувязі з пагаршэннем сітуацыі Польшча разглядае магчымасць узмацнення аховы мяжы і прыцягнення дадатковых сіл для патрулявання.​