BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Наш шэлтар прыняў з новай групы восем былых палітвязняў”

Варшаўскі шэлтар для палітзняволенных у нядзелю, 21 снежня, прыняў да сябе частку вязняў, вызваленных 13 снежня. Дапамагаюць установе і беларусы: як фінансамі, так і прапановамі ўласных паслуг і набыццём неабходных для жыцця рэчаў.

Пра салідарнасць, працу шэлтару і навагоднюю імпрэзу ў ім Госця Рацыі – кіраўніца ўстановы Ганна Федаронак – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: У нядзелю да вас прыехалі палітвязні. Колькі чалавек? І якая дапамога з боку шэлтару будзе аказаная?

Ганна Федаронак: Шэлтар існуе амаль чатыры гады. Людзі ў нас ёсць заўсёды, і таму пытанне было пра тое, колькі мы можам узяць чалавек. На той момант тут жылі людзі. А гэта тыя ж самыя палітвязні, якія выехалі з Беларусі і якія адсядзелі свае тэрміны ў калоніях. Яны маюць такое ж самае права. І таму мы папрасілі знайсці сабе месца жыхарства толькі тых, у каго заканчваўся тэрмін.

І ў нас тут яшчэ заставалася сям’я палітвязня з малымі дзецьмі, самаму малому тры гады. І нашыя тры хлопцы, якія таксама чатыры гады адсядзелі, у іх тэрмін яшчэ цэлы месяц жыць. Таму што тут можна бясплатна жыць два месяцы. І таму мы прынялі толькі восем чалавек – гэта пяць мужчын і трох жанчын.

Мы ж не кладзем на падлозе людзей, не кладзем іх штабелямі, імкнемся каб больш-менш камфортныя ўмовы былі. Таму што ў нас агульныя санвузлы, агульная кухня, яна толькі адна. І ёсць сталовая, дзе можна есці. Таму, калі перанасяліць установу, то гэта будзе вельмі кепска для людзей, якія прыедуць з турэмных умоваў ва ўмовы некамфортныя. Мы вырашылі, што трэба зрабіць максімальны камфорт, наколькі мы можам гэта даць. Ведаю, што шэлтар ва Уроцлаве бярэ шэсць чалавек. Людзі не застануцца на вуліцы.

РР: Але акрамя да таго, што вы запрашаеце іх да сябе, вы яшчэ ствараеце ім дадатковыя прыемнасці, напрыклад, як паход у лазьню.

Ганна Федаронак: Гэта не я ствараю. Няма ў мяне лазьні. Калі ў мяне пад канец гэтага году была нейкая дэпрэсуха, нейкая абыякавасць да жыцця. Здавалася, што ўсё дрэнна. І гэты вось двіж, які зараз я ўбачыла ад нашых беларусаў, гэта мне падняло настрой. І я цяпер скажу, што мы сапраўды неверагодныя, як былі ў 20-ым годзе, так і зараз.

Але ёсць такая праблема. Мы стварылі фонд, гэта ўласна мой фонд, мы стварылі з дзяўчынай, назва фонда «Прытуляй мяне». Я працую сама і бяру адказнасць і за шэлтар, і за ўсё, што буду рабіць. Але гэтую фундацыю мы стварылі пакуль што толькі на паперы ў натарыуса. І падалі на рэгістрацыю ў польскі суд для юрыдычнай рэгістрацыі, каб у нас былі рэквізіты – рахунак, каб было усё, што патрэбна для функцыянавання фонду. Юрыстка, з якой мы гэта рабілі, выдатна гэта выканала. Заўсёды гэта робіцца чатыры тыдні ці шэсць. А ўжо прайшло два месяцы, і мы ўжо напісалі ім туды пісьмо, што нам патрэбна хутчэй гэтая рэгістрацыя. Міжнародны гуманітарны фонд з 1 кастрычніка даў нам грошы на тры месяцы, мы іх атрымалі пра ўроцлаўскі шэлтар, які мае рахунак, і маем абяцанне на цэлы наступны год. Міжнародны гуманітарны фонд узяў нас пад сваё крыло. Але для атрымання фінансавання нам патрэбна, каб зарэгістравалі наш фонд. І гэта сёння наша вялікая праблема.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя