З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання насельніцтва Украіны скарацілася на 10 мільёнаў чалавек, ці прыкладна на чвэрць, паводле дадзеных ААН, перадае bbc.com.

Гэта адбылося з-за адтоку бежанцаў, падзення нараджальнасці і гібелі людзей на вайне. Кіраўніца Фонду народанасельніцтва ААН ва Усходняй Еўропе Флорэнс Баўэр сказала, што ўварванне ў лютым 2022 года пагоршыла і без таго складаную дэмаграфічную сітуацыю.
“Нараджальнасць рэзка ўпала і цяпер складае каля аднаго дзіцяці на жанчыну, што з’яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў у свеце”, – сказала яна. Для падтрымання стабільнай колькасці насельніцтва неабходны ровень нараджальнасці 2,1 дзіцяці на жанчыну.
Па словах прадстаўніцы ААН, неадкладны ўплыў адчулі на сабе рэгіёны, якія амаль абязлюдзелі з-за вайны, вёскі, у якіх засталіся толькі старыя.
Найбольшая доля скарачэння насельніцтва Украіны прыпадае на бежанцаў – 6,7 мільёнаў украінцаў жывуць за мяжой, у асноўным у Еўропе. Гібель людзей на вайне таксама паўплывала на дэмаграфічную сітуацыю.






