Польшча павінна разгледзіць магчымасць распрацоўкі ўласнай ядзернай зброі ў святле росту пагрозы з боку Расеі, заявіў прэзідэнт краіны Караль Наўроцкі ў інтэрв’ю тэлебачанню Polsat News.

«Я вялікі прыхільнік далучэння Польшчы да ядзернага праекта», — сказаў Наўроцкі ў інтэрв’ю, дадаўшы, што не можа сказаць, ці пачне Польшча работу па стварэнні ўласнай ядзернай зброі і калі гэта адбудзецца.
«Мы – краіна, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы ўзброенага канфлікту, і мы ведаем, якое стаўленне агрэсіўнай, імперыялістычнай Расейскай Федэрацыі да Польшчы», — дадаў Наўроцкі.
Прэзідэнт адзначыў, што Польшча павінна ісці шляхам развіцця ўласнага ядзернага патэнцыялу з захаваннем усіх міжнародных правілаў.






