BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нягледзячы на правакацыі, беларускія імпрэзы ў Вільні адбудуцца

Белыя, жоўтыя ці цалкам твор мастацтва. Якімі бачаць мастакі вазы на праспекце Незалежнасці ў раёне паркаў Горкага і Янкі Купалы ў Менску?

У Вільні беларускія мастакі прадставяць свой канцэпт бачання і кожны з іх прапануе сваю версію.  А найпрыгажэйшую вазу абяруць беларусы Вільні сваімі галасамі.

Дадзеная падзея адбудзецца ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні ў межах Тыдня беларускай культуры на конкурсе мастакоў.

Кажа каардынатарка Цэнтра беларускай культуры і супольнасці Марына Абрамовіч:

– Гэта такая частка ўспамінаў пра наш родны Менск. І мы б хацелі ўсё ж такі гэтую частку нашай Радзімы перанесці сюды. Вельмі цікавы конкурс будзе, мы зрабілі планшэты фармату А1, на іх намалявалі абрысы вось гэтых вазаў, а мастакі ўжо размалююць самі, зробяць з гэтага нейкі такі арт-канцэпт вось гэтай вазы, як бы яны яе бачылі ў нашай Новай Беларусі.

Паводле Марыны Абрамовіч, пераможца конкурсу атрымае за гэта нават прыз – 200 еўра.

Як зазначае каардынатарка Цэнтра беларускай культуры і супольнасці, нягледзячы на правакацыю, якая адбылася 4 верасня (у будынку Цэнтра невядомыя пабілі шыбы), Тыдзень беларускай культуры ўсё адно адбудзецца. Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных на свята.

Сёння стала вядома і пра тое, што ў Вільні невядомыя яшчэ абстралялі вокны праваслаўнай царквы і пакінулі надпіс на літоўскай мове «Беларусам паразітам тут не месца» каля будынка валанцёрскай арганізацыі “Дапамога”. Раней падобная правакацыя адбылася і з творчай прасторай “Кропка”.

Беларусы лічаць гэта правакацыяй спецслужбаў Беларусі ці Расеі, якія хочуць пасварыць літоўцаў з беларусамі.

Беларускае Радыё Рацыя