BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Няма сэнсу проста сядзець і чакаць – трэба дзейнічаць”

Сотні тысяч беларусаў пасля падзеяў 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну ў сувязі з пераследам. Многія знайшлі прытулак у Польшчы, дзе пачалі будаваць новае жыццё. Сярод іх апынулася і гарадзенка Алена.

– Прычынай майго ад’езду з Беларусі стала тое, што немажліва стала жыць у краіне, калі ты не ведаеш, хто з табой жыве побач, хто на цябе і ў які час напіша данос і калі ты не ведаеш увогуле з кім можна пагаварыць. Мы ад самага пачатку ўдзельнічалі ў пратэстах, мы ўсе бачылі тую справядлівасць, якая ёсць у нас у краіне. Немажліва было сядзець на месцы. Растуць дзеці. І ты разумееш, што так далей не можа быць. Трэба было штосьці з гэтым рабіць. І, як усе нармальныя людзі, я канешне ўдзельнічала ў пратэстах.

РР: Як даўно вы знаходзіцеся ў Польшчы?

– Мы пераехалі ў Польшчу першага мая 2022 года. Мусілі з’ехаць, бо было ўжо небяспечна, ужо пачаліся ператрусы, вобшукі. Я ведала, што калісьці за мной могуць прыйсці. А сядзець і чакаць, калі за табой прыйдуць, каб дзяцей забяруць у дзіцячы прытулак, не хацелася. І было прынята рашэнне з’ехаць з краіны.

РР: Вы прыехалі ў Польшчу, можна сказаць, як і тысячы беларусаў, пачалі новае жыццё. Якія першыя крокі былі?

– Мы прыехалі да маіх знаёмых, беларусаў таксама, проста ехалі ў нікуды. Яны нас прытулілі на тры тыдні, пакуль мы шукалі кватэру. І я пачала думаць, што мне тут рабіць. Напачатку былі розныя думкі. Можа на які завод ісці працаваць, што-небудзь рабіць, бо маю дваіх дзяцей, мушу нешта рабіць, каб жыць тут. Пайшла на курсы мовы. І было прынята рашэнне, што тут мне патрэбная адукацыя. І я пайшла у паліцыяльную школу. Паралельна я працавала.

РР: Я ведаю, што вы з адзнакай скончылі паліцыяльную школу. У такім узросце, гэта напэўна нялёгка.

– Напачатку ў паліцыяльнай школе мне польская мова была як белы шум. Ты проста сядзіш і нічога не разумееш. Усе гэтыя тэрміны з анатоміі, з дэрматалогі – усё гэта было на польскай мове. І ты нічога не разумееш. Але паціху-паціху ўсё атрымалася. І так стала, што ў гэтым годзе была такая рэгіянальная праграма ў Польшчы – маршалак узнагародзіў усіх людзей, хто скончыў на выдатна, і ў мяне таксама атрымалася скончыць на выдатна, і я таксама атрымала грашовую дапамогу. Цяжка, але ўсё атрымалася.

РР: Гэта сведчыць яшчэ раз пра тое, што вучыцца ніколі не позна.

– Я ўсім раю вучыцца, няма розніцы ў якім ты ўзросце. Я для сябе так гавару: можна вучыцца заўсёды, можа не будзе дэменцыі ў старасці.

РР: На сённяшні дзень вы з’яўляецеся ўладальніцай масажнага кабінету. Якія першыя крокі былі ў вашым бізнесе, у вашай гісторыі бізнесу.

– Трэба было штосьці рабіць. Сядзець і чакаць, калі мы зможам вярнуцца дамоў, – не выйсце. Трэба жыць тут і цяпер, і трэба штосьці цяпер рабіць, а не чакаць, калі штосьці калісьці зменіцца, калі мы зможам прыехаць дадому. Я разумела, што трэба будзе пачынаць. Адшукалі памяшканне, зрабілі рамонт, і я спадзяюся, што атрымалася. У нас тут не толькі масажны кабінет, у нас тут розныя працэдуры. Я ўдзячная школе, што яна дала такія веды, што я магу цяпер працаваць і наймаць на працу іншых людзей па сваёй кваліфікацыі – касметалогія, масажы. Маю надзею, што ўсё атрымаецца і ўсё будзе добра.

РР: З вашага вопыту, ці складана адкрыць і весці бізнес у Польшчы людзям, якія апынуліся ў такой няпростай сітуацыі і вымушаны былі з’ехаць?

– Усё залежыць ад таго, што хоча чалавек. Калі ў цябе ёсць такія мэты, калі ў цябе ёсць дзеці, якіх трэба падымаць, то ў цябе няма часу сядзець і штосьці там вымысляць, невядома што. Ты проста ідзеш і робіш. Так, гэта не зусім проста. Але магчыма.

РР: На сённяшні дзень, разглядаючы сваю будучыню, ці плануеце вы вяртацца, ці ўсё ж такі ўжо пасля столькіх гадоў застанецеся тут, і будзе спрабаваць рэалізоўваць сябе далей у Польшчы.

– Я лічу, што гэта мой першы такі касметычны салон, я думаю, што яшчэ будзе развіццё. І калі ў нас улада зменіцца, то я з задавальненнем адкрыю яшчэ салон у Беларусі. Ніхто не ведаем як яно там станецца. Але я спадзяюся, што такая мажлівасць у мяне з’явіцца, – папрацаваць яшчэ і для беларусаў.

Паводле дадзеных апытання Цэнтра Мірашэўскага, амаль палова грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы, не маюць намеру вяртацца на радзіму нават пасля дэмакратычных зменаў. У той жа час, вярнуцца на Беларусь маюць жаданне 20% апытаных.

Беларускае Радыё Рацыя