Катажына Карыцка стане новым войтам гміны Бельск-Падляскі. Падчас нядзельнага (30 лістапада) датэрміновага галасавання ўдава памерлага войта атрымала падтрымку 1369 выбаршчыкаў, чаго было дастаткова для перамогі ў першым туры.

Усяго балатаваліся шэсць кандыдатаў. З тых, хто не быў абраны, найбольшую колькасць галасоў атрымаў Адам Галэмбецкі — 514. За Пятра Грынявіцкага прагаласавалі 509 чалавек, за Віялету Малгажату Мразковяк — 128, за Юліту Ярмоц — 75, а за Ангеліку Леончук-Браніцку — 51.
З 5553 выбаршчыкаў, якія мелі права голасу, на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 2661, прычым крыху больш за палову выбаршчыкаў абралі Катажыну Карыцку, што дазволіла перамагчы з першай спробы. Каб быць абраным (больш за 50%), патрабаваліся 1324 галасы. Яўка склала 47,65 працэнта.
Ва ўсіх адзінаццаці выбарчых акругах перамагла Катажына Карыцка. У Любіне Касцельным яна набрала 110 галасоў, а Пётр Грынявіцкі — 107. У Пасынках за Карыцку прагаласавала 165 чалавек, за Адама Галэмбецкага — 117.
Датэрміновыя выбары сталі неабходнасцю пасля раптоўнай смерці ў верасні абранага ў 2024 годзе войта Валенты Карыцкага. Цяпер да канца яго паўнамоцтваў, якія заканчваюцца ў 2029 годзе, гмінай будзе кіраваць ягоная жонка.




