
Падчас першай сесіі Сейміку Падляшскага ваяводства 7-й кадэнцыі радныя абралі маршалкам Падляшскага ваяводства Лукаша Пракорыма. Пасады віцэ-маршалкаў зоймуць Веслава Бурнос і Марэк Маліноўскі.
Пра тое, што ваяводская праца, у тым ліку з беларускай меншасцю не спыніцца, заверыў Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым:
– Такім жа чынам працаваў будучы 5,5 гадоў кіраўніком Рады горада Беласток. Поўнае разуменне, павага. Лічу, што рэлігійнае, культурнае і этнічнае адрозненне з’яўляецца тым, што з’яўляецца каштоўнасцю нашага ваяводства. Гэтыя каштоўнасці варта захоўваць і падтрымліваць. Гэта будзе партнёрская супраца з вялікай павагай да прадстаўнікоў беларускай меншасці, а таксама кожнай рэлігійнай і нацыянальнай меншасці.

Асобу новага Маршалка Падляшскага ваяводства падтрымаў і радны Ігар Лукашук:
– Я лічу, што Падляшскае ваяводства добра зрабіла, выбраўшы новага маршалка з “Грамадзянскай кааліцыі”, якая больш адкрытая ў еўрапейскім накірунку, адкрытая на меншасці, адкрытая на дэмакратычныя каштоўнасці. Гэта дае вялікія шансы на тое, што нашае ваяводства будзе развівацца не толькі ў эканамічным, але і ў сацыяльным ці чалавечым плане.
Кандыдатуру Лукаша Пракорыма на пасаду маршалка выставіў Клуб грамадзянскай кааліцыі. Пры тайным галасаванні Сейміка з 30 чалавек ён атрымаў 16 галасоў. За экс-маршалка Артура Касіцкага (“Права і справядлівасць”) прагаласавалі 13 радных. Адзін радны пры галасаванні ўстрымаўся.



















Беларускае Радыё Рацыя






