BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пачалося паломніцтва на Святую Гару Грабарку

Роварам, на аўтобусе ці традыцыйна пешшу – пачалося паломніцтва на Грабарку ля Сямяцічаў. Гэтае праваслаўнае свяцілішча на Падляшшы, Святая Гара Грабарка, спакон вякоў прыцягвае паломнікаў на свята Спаса (Прэабражэння Гасподняга).

паломніцтва на Святую Гару Грабарку

Галоўныя рэлігійныя ўрачыстасці праходзяць напярэдадні і ў сам дзень свята 18 і 19 жніўня, на свята Прэабражэння паводле старога стылю.

Традыцыя паломніцтваў у гэтае месца бярэ свой пачатак у 1710 годзе. Менавіта тады мясцоваму жыхару прысніўся сон, што ўсе, хто дасягне гэтага месца і нап’ецца вады з крыніцы, будуць выратаваны ад эпідэміі халеры. У той час на Падляшшы бушавала эпідэмія халеры. Пасля цудоўных вылячэнняў там была пабудавана капліца, а пазней — праваслаўная царква. З таго часу і існуе звычай усталёўваць на ўзгорку драўляныя крыжы. Цяпер сярод дрэў стаяць тысячы з іх. Кожная група паломнікаў ставіць крыж, а многія пакідаюць свой уласны, які носяць з рознымі асабістымі намерамі.

Найбуйнейшыя паломніцкія групы пачалі прыбываць у Грабарку пасля Другой сусветнай вайны, калі галоўныя праваслаўныя святыні (Пачаеў, Жыровічы) апынуліся па-за межамі Польшчы.

Гісторыя арганізаваных паломніцтваў на Спаса пачалася ў 1986 годзе. Найпеш пешшу з Беластока, а на шляху далучаліся ахотыня і прыходзілі пад вечар напярэдадні Спаса. І тады і сёння беластоцкае паломніцтва на Грабарку ладзіць Брацтва Праваслаўнай Моладзі Беластоцка-Гданьскай епархіі ў Польшчы. Цягам гадоў з іншых месцаў Падляшша пачалі арганізоўвацца паломнітвы на свята Прэабражэння Гасподняга. З Бельска, Гайнаўкі, Сямяціч, Саколкі, ці Яблачына (паўднёвае Падляшша – там жа і праваслаўны манастыр святога Ануфрыя з пачатку 16 стагоддзя, дарэчы ніколі не пераведзены на Уніяцтва), але таксама з Варшавы. Побач пешых, самых традыцыйных паломніцтваў, арганізуюцца і паломніцівы на аўтобусах, асабліва з Паўночнай  і Заходняй Польшчы, хаця цяпер таксама з Беластока ці Бельска. Ну і цікавінка апошніх 11  гадоў, паломніцтва на раварах. Асобнай групай будуць салдаты і афіцэры  сілавых структур, якіх паломніцтва пройдзе некалькі кіламетраў, традыцыйна адбудзецца 18 жніўня і адправіцца з Семятыч; яе арганізуе Праваслаўны вайсковы ардынарыят Войска Польскага.

Самае доўгае па маршруце Паломніцтва ладзіцца, менавіта з Саколкі. Сёлета пачалося яно 13 жніўня. Беластоцкае пачнецца 15-га.

Цягам многіх гадоў у абодвух паломніцтвах ішлі праваслаўныя вернікі з Беларусі. Аднак ад пяці гадоў так з увагі на пандэмію каронавіруса, а пазней грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі ды складанасці ўезду ў Польшчу паломнікаў з Беларусі няма. Дзіўнае, што з такой шматтысячнай беларускай дыяспары ў Польшчы (ад 150 да 300 тысяч) не сарганізавалася дагэтуль група праваслаўных паломнікаў.

Варта дадаць, што на Свята Прэабражэння Гасподняга  Святую Гару Грабарку наведвалі два прэзідэнты Польшчы: Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда, Былі праваслаўныя іерархі паасобных патрыярхатаў, між іншым, Канстанцінопальскага і Александрыйскага, але і звычайныя вернікі і духоўныя асобы з-за мяжы, хаця бы манахі з Афона, ці з Грузіі.

Святая Гара Грабарка называецца ў Польшчы таксама Праваслаўнай Чанстаховай (з увагі на каталіцкія пілігрымкі на Ясную Гару ў Чанстахове), а Свята Прэабражэння Гасподняга лічыцца адным з 12-ці галоўных святаў у гадавым календары царквы.

Для тых якія збіраюцца на свята, яшчэ інфармацыя:

Панядзелак, 18 жніўня 2025 г.

6:00 – Святая Літургія

8:00 – Асвячэнне вады

10:00 – Святая Літургія

17:30 – Прывітанне Іерархаў

18:00 – Служба ў гонар Перамянення Гасподняга

23:00 – Служба за памерлых – Паніхіда

Аўторак, 19 жніўня 2025 г.

Перамяненне Гасподняе

1:00 – Святая Літургія I

4:00 – Святая Літургія II

6:30 – Святая Літургія III

9:30 – Святая Літургія і ўрачыстая працэсія з асвячэннем садавіны.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя