Пра стварэнне новай вайсковай часткі на Падляшшы паведаміў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Механізаваная брыгада размесціцца ў цяперашнім лагеры Падляшскай вайскова-аператыўнай групы ў Каракулях пад Беластокам. Брыгада ўвойдзе ў склад першай пяхотнай дывізіі легіёнаў, фарміраванне якой працягваецца. Міністр адзначыў:
-У Беластоку будзе створана механізаваная брыгада 1-й пяхотнай дывізіі легіёнаў. Настала неабходнасць вайсковай прысутнасці на Падляшшы. Гэта вельмі важна, што не толькі часова, не толькі Граева, Чырвоны Бор, але і Беласток будзе мець механізаваную брыгаду, абсталяваную сучасным узбраеннем.
Міністр Касіняк-Камыш дадаў, што да 2028 года ў інфраструктурныя мерапрыемствы, звязаныя са стварэннем 1-й пяхотнай дывізіі легіёнаў, будзе ўкладзена 2 мільярды злотых.
Беларускае Радыё Рацыя