Сёлета да гадавіны паўстання 1863–1864 гадоў у Вільні адбыліся міжнародныя ўшанаванні памяці яго герояў, у якіх узялі ўдзел прэзідэнты Польшчы, Літвы і Украіны, лідар беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская.
На гэтым фоне ў рэгіёне Падляшша працягваюцца ініцыятывы, прысвечаныя спадчыне Кастуся Каліноўскага. Напрыклад, 1 лютага ў Мастаўлянах адбудзецца KALINOŬSKI MARŠ 2026 на Падляшшы — марш і ўрачыстасці ў гонар дня нараджэння Каліноўскага і герояў паўстання 1863–1864 гадоў. Падзея мае не толькі мемарыяльнае, але і важнае сімвалічнае значэнне для беларускіх супольнасцяў у Польшчы.

Сёння нашым «Госцем Рацыі» з’яўляецца дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Пагаворым пра вынікі гістарычнай дыскусіі, пра значэнне паўстання 1863–1864 гадоў для Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны, пра сімвалічнае значэнне віленскіх ушанаванняў з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, а таксама пра тое, ці можа Падляшша — радзіма Кастуся Каліноўскага — стаць фактарам яднання беларусаў як нацыянальнай меншасці і дыяспары.
РР: У Беларусі гадавіна паўстання не святкуецца афіцыйна. Не так гучыць у Літве, але напэўна ў Польшчы самы апафеоз святкавання тых падзей.
Аляксей Ластоўскі: Так, але мы можам згадаць такі факт, які дае добрую праверку таго, наколькі памяць пашыраецца сярод людзей, паколькі можам згадаць пахаванне кіраўнікоў паўстання, якое адбылося ў Вільні. Тыя, хто там быў, альбо бачыў гэта на здымках, то вельмі лёгка заўважыць, што дамінавалі беларусы сярод тых, хто прыехаў на тое пахаванне. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі і практычна не было літоўскіх і вельмі мала польскіх сцягоў. І гэта зноў жа паказвае тое, што ёсць афіцыйная пазіцыя, але на больш масавым узроўні, відавочна, што гэтае паўстанне найбольш зараз мае трывалыя пазіцыі ў гістарычнай памяці беларусаў.
РР: Цікава, што на Падляшшы сустракаю палякаў, якія зараз расказваюць, што тады ў Вільні на перапахаванні было больш польскіх прадстаўнікоў.
Аляксей Ластоўскі: Але тут можна зірнуць на фотаздымкі і гэта вельмі добра фіксуецца. Калі мы бачым, што на здымках больш беларускіх сцягоў, то відавочна, што беларусаў больш было на пахаванні. Але не галоўнае падлічваць, хто там быў. Я хачу паказаць на тэндэнцыю, што пахаванне найбольш адгукнулася ў беларускіх сэрцах. У нас яно ўжо стала свайго роду нацыянальным міфам. Міф, які аб’ядноўвае, патрэбны нацыянальныя героі, якія натхняюць на змаганне, на будаўніцтва сваёй дзяржавы, і для беларусаў такім героем стаў Кастусь Каліноўскі.

РР: Калі мы кажам пра Паўстанне 1863 года, з сучаснага пункту бачання, што мы можам пра яго сказаць?
Аляксей Ластоўскі: Само паўстанне, гэта апошні раз, калі тры народы, ці чатыры народы, калі палічыць украінцаў, хаця яны вельмі слаба бралі ўдзел у гэтым паўстанні, узяліся за справу аднаўлення Рэчы Паспалітай. Гэта гучала як лозунг і падчас паўстання Касцюшкі, і падчас паўстання 1830-31 гадоў ці Лістападаўскага паўстання, як яго называюць у Польшчы. Гэта траўма дзяржавы, якую знішчылі праз змову суседзяў. Яна дамінавала ў палітычнай свядомасці і падштурхоўвала на пастаянныя вайсковыя зрухі. Яшчэ можам згадаць у тым ліку і падтрымку інтэрвенцыі Напалеона, якая таксама была звязана са спадзевамі, што будзе адноўлена Рэч Паспалітая і нават Вялікае Княства Літоўскае.
Гэта памкненне, якое было характэрнае асабліва для мясцовай шляхты, якая ўжо на той момант была паўсюль і на тэрыторыі былога ВКЛ паланізаваная. Яно фактычна ўжо да сярэдзіны 19 стагоддзя страціла напэўна сваю рэлевантнасць. Аднаўляць ужо Рэч Паспалітую ў той форме, якая была ў канцы 18 стагоддзя, ужо было практычна немагчыма. І гэта была нейкая мроя, але рэлевантная не для ўсіх. Непасрэдна перад паўстаннем была прароблена прапагандысцкая праца, каб вынесці на слаі насельніцтва ідэю аднаўлення Рэчы Паспалітай і ідэі вольнасці, характэрнай для польскай шляхты і пашырыць яе на іншыя слаі насельніцтва. І прапаганда вялася ў тым ліку і сярод сялян. І быў зроблены крок на тое, каб гэтую дзейнасць перавесці ў тым ліку на мовы, якія зразумелыя сялянам. Быў такі феномен “Мужыцкай праўды”, дзе ўласна беларуская мова была выкарыстана як сродак палітычнай прапаганды. Беларускія сяляне ўпершыню агулам былі асэнсаваны як палітычны суб’ект.
Цалкам гутарка:



Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






