Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Прокорым заявіў, што ўсходнія рэгіёны павінны атрымаць спецыяльную інвестыцыйную зону з падатковымі прэферэнцыямі і доступам да фондаў ЕЗ, каб прыцягнуць інвестараў. Гэта адна з прапаноў у рамках «Пакту дзеля ўсходніх прыгранічных рэгіёнаў», які мае дзейнічаць у фінансавай перспектыве ЕЗ на 2028–2034 гады.

– Знаёміліся мы з вопытам Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі. Калісьці знаходжанне пры мяжы з Беларуссю было нашым актывам, а зараз ёсць нашым мінусам. І відавочна гэтая сітуацыя некалькі бліжэйшых гадоў не зменіцца. Таму мы патрабуем дадатковых сродкаў на транспартную галіну, на турыстычную, на дарогі і многае іншае.
Дакумент быў распрацаваны пасля шматлікіх сустрэч з прадпрымальнікамі і мясцовымі органамі самакіравання. У ім прапісана неабходнасць узмацнення фінансавай падтрымкі, стварэння гарантый і грантаў для бізнесу, а таксама інвестыцый у кібербяспеку, медыцыну, інфраструктуру мяжы і турызм.
Кажа Лукаш Пракорым:
– Гэтыя сродкі павінны спрыяць таму, каб прадпрымальнікі не хацелі пакідаць наш рэгіён, і каб не пераносілі свае фірмы ў іншыя рэгіёны. А таксама каб запрашаць прадпрымальнікаў размяшчаць свае фірмы ва ўсходніх рэгіёнах Еўрапейскага звязу.
Маршалак падкрэсліў, што ўсходнія рэгіёны ЕЗ павінны быць прызнаныя тэрыторыямі са спецыяльным статусам развіцця і бяспекі, а іх патрэбы — замацаваны ў заканадаўчых і фінансавых рамках. Падляшскае ваяводства спадзяецца, што гэта зробіць рэгіён больш устойлівым і канкурэнтаздольным.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






