
У Падляшскім ваяводскім кансерватары помнікаў паспяхова прайшла прэзентацыя юбілейнага 30-га выпуску “Бюлетэня аховы помнікаў”. Гэта знакавая падзея сабрала даследчыкаў, экспертаў і ўсіх, хто зацікаўлены ў захаванні культурнай спадчыны рэгіёна. Кажа айцец Мікалай Астапчук з Гарадка:
— Важна, што ў гэтых бюлетэнях змешчаны такія тэмы, як, напрыклад, аб’екты сакральнай спадчыны: якія былі адрамантаваныя, якія сёння выглядаюць зусім інакш. Яны прыгожыя, бо працаваў рэстаўратар, які не толькі даў парады, але і памог з матэрыяламі. І мы радуемся таму, што можам пачытаць пра гэта ў бюлетэнях.
Важнасць рэгулярнага выдання Бюлетэня для Падляшша падкрэсліла войт Гміны Гайнаўка Люцына Смактуновіч:
— Звярніце ўвагу на тое, як мы імкліва рушым у сучаснасць, што мы цяпер бачым вакол сябе. Звычайна гэта нейкія простыя формы, а так маем такое хараство. Вельмі цаню людзей, якія жылі 100, 200, 300 гадоў таму і стварылі такія пекныя творы, як, напрыклад, аб’екты ў Новаберазове, якія нядаўна былі адкрыты.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прэзентацыі прыцягнуў даклад аб вядомым праваслаўна-уніяцкім іканастасе з Новаберазова. У рамках мерапрыемства таксама быў прадстаўлены спецыяльны нататнік, прысвечаны юбілею Бюлетэня. Сам “Бюлетэнь аховы помнікаў” выдаецца ў Падляшскім ваяводстве з 1995 года.



Беларускае Радыё Рацыя






