BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Падляшскі вянок” вярнуўся з узнагародамі з ХХІ Фестывалю фальклору, музыкі і танца “RIMINI FEST”

У студыі Беларускага Радыё Рацыя – намесніца старшыні Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову “АББА” ў Беластоку Ілона Карпюк і харэограф і кіраўніца танцавальнага моладзевага калектыву “Падляшскі вянок”, які працуе пры гэтым аб’яднанні, Аксана Прус.

РР: Вітаем на Радзіме! Адкуль вы вярнуліся?

Ілона Карпюк: Ужо не ўпершыню нашыя дзеці прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі. Гэтым разам гэта быў ХХІ Фестываль фальклору, музыкі і танца “RIMINI FEST” у Рыміні, Італія. Шмат дарогі за намі ў адзін бок, а пасля ў зваротным кірунку, а яшчэ конкурс і гала-канцэрт, выступам у якім мы вельмі ганарымся.

РР: Як прайшло выступленне? Які настрой пасля паездкі?

Аксана Прус: Мы завезлі шмат танцаў. У нас было 9 нумароў ад “Падляшскага вянка”, польскія і беларускія танцы. Праграма была вельмі цікавая. Тры ўзроставя групы мы прадставілі. Нам вельмі пашчасціла, бо ў нас выбралі вельмі цікавую праграму, і нам удалося аж тры кавалкі паказаць у адным нумары. Бо ў нас выбралі эпізод, які быў падрыхтаваны на Мазоўшы, менавіта Паланэз, які быў спалучаны з мясцовым Кракавякам і беларускай Шырокай полькай. І вось так адным блокам тры танцы пайшлі на гала-канцэрт. На такой прафесійнай сцэне мы яшчэ не танцавалі, вялікай, прыгожай. І атрымалася! Удалося нават зарабіць добрыя месцы. Тры першыя месцы маем і адно другое месца. Другое месца ў малодшай катэгорыі, два месцы ў сярэдняй групе і старэйшай, і разам за супольную кампазіцыю маем таксама першае месца. Так што мы ганарымся дыпломамі. Усе дыпломы ў катэгорыі “народны танец”. Пашчасціла нам гэтым разам. Удалося нам таксама падрыхтаваць цікавыя падарункі з Падляшша для журы фестывалю, для мэра горада Рыміні. Атрымалася нам са сцэны па-ангельску сказаць прыгожа і перадаць гэтыя падарункі. Малайцы нашыя дзеці!

Ілона Карпюк: Варта дадаць, што апрача дзяцей і моладзі, якія рыхтаваліся да гэтага фестывалю, вялікая роля бацькоў, якія робяць вялікі ўнёсак у развіццё калектыву. Гэтым разам, што важна для нас,  удалося атрымаць і падтрымку горада, фінансавым партнёрам стала Падляшскае ваяводства.

Мы можам ганарыцца не толькі танцамі, нашай праграмай, але і магчымасцю пазначыць, адкуль мы ёсць, чым багаты наш рэгіён, нават гэтыя падарункі – гэта праца нашых бацькоў, якія Кася аздабляла, каб яны мелі прыкметы лакальныя, беларускія. Побач са сцягам ваяводства заўсёды з намі вандравалі польскі і беларускі сцягі. Добра, што дзеці прэзентуюць свае таленты і ясна ўмеюць акрэсліваць сваю тоеснасць, паходжанне і не саромеюцца гэтага, а нават спяваюць у розных месцах не толькі “Купалінку”, а розныя народныя песні, бо любяць іх.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Санда Латышонак, Ілона Карпюк і Аксана Прус.